Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Яркая бландзінка, вочы густа-сінія і халодныя, дзівосна выгнуты сакавіты рот, страйнюткая шыя, зграбныя ручкі, цела, якое аж гаворыць – ад высокіх грудзей да ног, якія ўжо самі сабою як мара кожнага мужчыны.Чорт бы пабраў гэтыя розныя прозвішчы! Чорт бы пабраў гэтую немагчымасць ведаць, замужам жанчына ці не! Чорт бы ўзяў у гэтым сэнсе ўсіх нелітоўцаў! Як добра было б. Знаёмішся. “Красаўскайтэ” – ну, значыцца, давай, галубок, калі яна не супраць. “Красаўскене” – ну і давай, любы, ад брамы ды прама. Тут участак застоўблены, і раз атрымаў аблізня, то йдзі ды аблізвайся, не з тваім яловым рылам мёд піць.Суцешыла мяне ва ўсёй гэтай гісторыі толькі тое, што яна, убачыўшы маё аддаленне, скінула – мабыць, па дурасці – маску зычлівай, адданай, пакорлівай кабеты. І я ўрэшце разгледзеў непамернае жаданне жыць, толькі адбіраючы даброты і нічым не плацячы жыццю і людзям, нястрыманую прагу ўцехаў, што б там ні было вакол, як бы кепска ні было вакольным.Урэшце, ці яна адна такая з жаночага племя? Гэта яшчэ не прычына, і за гэта не перастаюць кахаць. Часам, наадварот, яшчэ больш кахаюць. І мучаюцца. Як мучыўся я.Толькі пасля сябар, Алесь Гудас, той, што падаваў мужыкам у акно шклянку, убачыўшы, што я крыху ацверазеў, сказаў мне, што не хацеў гаварыць мне, пакуль я аслеплены, а што цяпер скажа:– Не з табою, брат, першым яна гэтага беднага Красоўскага падманвае. Такі хлопец, такі залаты хлопец – і на табе.– Што ж не сказаў тады?– А ты б не паверыў.– І праўда.– Не паверыў бы. “Закахалася жанчына”. “Што ж што замужам?” “Бывае”. “Гэта не свінства, а няшчасце”.– О-ох, ідзі ты, Алесь, да д’ябла!– І ўвогуле, з-за яе Косціку непрыемнасць. Дый што ўжо ўзяць з чалавека, у якога лепшыя сяброўкі манікюршчыцы ды прадаўшчыцы.– Ты што-небудзь маеш супраць прадаўшчыц?– Нічога. Нават люблю. Толькі выбіраю дзеля размовы тэмы не толькі пра махеравыя кофты.– Ведаю я, якія ты тэмы выбіраеш.Пасмяяліся. І вось так, пакрысе, вельмі балюча, і пачалося маё вылячэнне. Але часам яна ўсё ж заходзіла, толькі я з усіх сілаў стараўся не заводзіць справу дужа далёка. Як зараз.– Я тады разводзіцца думала, – раптам сказала яна. – А пасля падумала, што ўсё адно ты мне таго падману не даруеш. А раз так, то ў чым Косцік вінаваты? Любіць мяне, даруе многае. Застануся ды паспрабую выкупіць. Што ўжо! Награшыла, то выкупляй. Хопіць з усім гэтым. Буду так дажываць, дый чаго яшчэ трэба. Зорак з неба ён, ясна, не хапае, але добры, сумленны, просты. Няхай так. Час змірыцца, Зоечка.Сказала неяк так ціха і сумна, што душу маю перавярнула.– Не трэба. Што ўжо там. Я горш за цябе вінаваты.– У чым твая віна? Не, я свайго нікому не аддам… Ні добрага, ні ганебнага.Усё ж, нягледзячы на ўсе непрыемныя рысы, былі ў ёй і ўнутранае сумленне, і розум, і боль не зусім шчаслівага чалавека. Шкада мне было яе. Мабыць, таму, што яшчэ крыху кахаў.– І ты не мучайся. Хай будзе ўсё як ёсць. Дрэнна хіба нам было ўсе гэтыя месяцы? – спытала яна.– Добра было, – усё прымаючы, сказаў я.– Ну вось, дадзена, значыцца, было шчасце. Будзе што ўспомніць. Хіба мала? Іншыя таго й на нюх не зведаюць. Ну… ну… чаго ты?..Пагладзіла мяне па галаве. Гэты дотык маленькай рукі прымушаў мяне ў свой час аж шалець ад імкнення да яе. Зараз ён аддаўся толькі болем.– Вось бачыш, значыцца і сапраўды канец. Ладна. Ты толькі не будзеш супраць, калі я часам усё ж буду заходзіць?