Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Чаго б гэта я быў супраць?– Не бойся. Проста так. Адагрэцца.– О-ох, што ж гэта ўсё ж такі мы нарабілі!Яна паклала адну дасканалую нагу на другую, прыгубіла віна. Твар яе ў святле праз абажур таршэра быў залаты, мяккі і вельмі сумны.– Я раней, чым ты, забыла, што ні на што не маю права. І што табе было думаць пра маю рэпутацыю? Ты ж нічога не ведаў. І потым, можна падумаць, што гэта ты, першы, прыйшоў да мяне і застаўся. Змій-спакушальнік. Я сама гэтага хацела. І гэта мяне да цябе цягнула. Я і зрабіла, што жадала і магла.Слова гонару, сэрца ў мяне разрывалася ад гэтых словаў. Але што я мог зрабіць?– Ну добра, – глуха сказала яна, – хопіць аб гэтым… Ты дзе быў сягоння?Відавочна, шукала нейтральнай тэмы.– У Мар’яна быў, – сказаў я.Зоя крыху ведала яго: разы тры-чатыры сутыкаліся ў мяне.– Што, усё па-ранейшаму дурэе з гэтымі драўлянымі лялькамі?– Не трэба так, – сказаў я. – Ён вялікую справу робіць.– Ды я хіба што? Як ягоная жонка?– Кепска з ёю. Ну, гэта справа іхняя. Горш тое, што ён праз яе пакутуе. І, відаць, з гэтай прычыны сэрца зноў дурэць пачало. Жахі розныя, як заўсёды ў сардэчнікаў. Падазрэнні. А ад кавы і тытуню ніяк не адмовіцца…– У больніцу яму легчы трэба. Шкада, калі з добрым чалавекам нешта здарыцца. Сволач дык жыве і жыве, а унь Сярожа Певень, бедны, такі малады, таленавіты, толькі пасаду такую атрымаў, так лёгка пры ім людзям жыць было б – і на табе – рак.– Гэта бяда, – сказаў я. – Вялікая бяда! Але што ж, калі столькі выпала ўсяго нашаму пакаленню.Яна раптам рашуча ўстала.– Ну няма чаго асабліва цягнуць. – Павагалася хвіліну яшчэ – і адставіла “Немеш кадар”. – Прытарны.– Ты ж любіш напаўсалодкія.– Нашы люблю. А можа, гэта проста ўсё прытарна ў гэтыя дні? Слухай, Антось, а што гэта мы ў першы наш вечар пілі, не памятаеш?– Памятаю. Ты ў блакітнай сукенцы была. І бурштыны на шыі. І вусны ненафарбаваныя. А пілі мы тады “Хванчкару”.– Хіба няма яе нідзе зараз. А добра было б… па астатнім келіху… Так, як тады па першым. Таму што гэта ж астатні, Антоша… Астатні. І нічога тут не паробіш. І вось стол твой з чыстай паперай, і гэты падсвечнік, і лямпа. І ўсяго гэтага я, мабыць, ужо не пабачу, бо не ведаю, ці знайду сілы да цябе хаця на агеньчык заходзіць.Невыносна было чуць гэта, і таму я, як большасць мужчын у такіх выпадках, збаяўся і, каб аддаліць немінучую апошнюю хвіліну, сказаў: – Чаму не дастанеш? Учора яшчэ ў магазіне была “Хванчкара”. Дзівосы нейкія. Нешта вялікае, пэўна, у лесе здохла. Хіба расхапілі? Давай збегаю.– Збегай, – сказала яна глуха. – Скончым тым, з чаго пачалі. Толькі не баўся там дужа. Мне жудасна будзе тут… адной.Калі я ўжо накідаў паліто, яна спытала:– Грошы хаця ёсць у цябе? А то вазьмі.– Грошы ёсць.Я хутка бег у магазін і кляў сябе ўсімі магчымымі словамі.…Калі я вярнуўся, яна стаяла ля акна і глядзела ў цемру. Павярнулася да мяне і выцерла вочы.– Так я, дурная, і пагнала цябе, не спытаўшыся, ці багаты.– Багаты, – сказаў я.– Тады налі.Мы сядзелі і перакідваліся нязначнымі сказамі, і гэта было як на ўласным пахаванні, як на пахаванні чагосьці страшэнна значнага. Ніколі ў жыцці яшчэ мне не было так цяжка і скрутна.І толькі калі мы ўжо апраналіся ў перадпакоі, яна раптам прыпала да маіх грудзей.– О-ох, Антоне… Нашто ж я ўсё гэта нарабіла?.. Чаму праўду з самага пачатку… Чаму падманула?– Слухай, – сказаў я, – заставайся. Я не магу болей.