Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Вочы ў яе былі вільготныя, нявыплаканыя.– Не, – сказала яна, – права не маю. Нашто ўжо?.. Не павернеш назад. Але я, можа, часам і зайду да цябе. Пагрэцца. І толькі.У гэтую хвіліну я зноў кахаў яе, можа, больш, чым раней. Усё нутро маё пакутліва да яе кінулася. Але я зразумеў: і праўда – усё.Яна вырашыла.…Мокры снег ляпіў па нашых тварах, калі мы выйшлі на бульвар і яна спаймала таксі і ўсё стаяла ля яго і глядзела мне ў вочы.– Ну, бывай, – урэшце нібы ад сябе адарвала яна. – Раней дык у такіх выпадках трэба перахрысціць было. А цяпер…Яна прыпала да маіх вуснаў халоднымі мокрымі вуснамі і, калі яны пацяплелі, з цяжкасцю адарвалася.– Бывай. Бог з табой. Даруй.Ляснулі дзверцы таксі. Апошні раз ускінулася за шклом рука ў белай пальчатцы. Пасля машына рванула, абдаўшы мае ногі мокрым карычневым снегам.…Усё ўва мне плакала, і не столькі ад кахання, колькі ад страты. Невядома чаму я зайшоў у кафэ “Космас”, выпіў там ля стойкі келіх каньяку, пасля пайшоў блукаць вуліцамі, намацаў у кішэні змяты канверт ліста да бацькі і кінуў яго ў скрынку, доўга сядзеў на мокрай лаўцы і бязмэтна глядзеў на вясёлкавыя плямы ліхтароў у чорных абледзянелых галінах. Пасля зноў выпіў ля стойкі. На гэты раз віна.…Цяжэй за смерць было вяртацца ў пустую кватэру, што яшчэ пахнула ёю. І таму я, сам не ведаючы як, націснуў званок на дзвярах Хілінскага.Ён адчыніў мне дзверы, абвёў вачыма і, мабыць, крыху спалохаўся.– Заходзь, – сказаў ён. – Вып’ем чаго-небудзь? Ну, вядома, вып’еш. Скідай паліто. Я зараз.Як Мар’яна выжывалі з пакоя статуі і іконы, так “палкоўніка” (а можа, ён і не “палкоўнік” быў, а сапраўдны “Абель у адстаўцы”, чорт яго завяжа чалавечыя языкі) выжывалі з пакоя кнігі. Два толькі невялічкія прасценкі былі вольныя ад іх. Перад адным стаяў на століку эпідыяскоп (Хілінскі захапляўся здымкамі на слайды, здабываў нейкім дзівам нямецкую плёнку “Орвакалёр” і гэты прасценак выкарыстоўваў, каб дэманстраваць сабе самому знятае). Зараз ля століка з эпідыяскопам ляжалі пластмасавыя рамкі, нажніцы, валяўся танны дыяскоп, змеямі круціліся плёнкі. Усё проста на падлозе, на дыване.У другім прасценку, над тахтою, вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць. О, пане мой божа!Хілінскі прыкаціў столік на колцах, перагрузіў з яго на другі, круглы, шкляны, пачатую бутэльку віньяку, лімон, прасаваны ў каўбасу грузінскі інжыр.– Ну, каб звялася бяда.Выпілі.– Ды што з табою, урэшце, хлопча? Рэктара пад тры д’яблы паслаў? Га?– Не. А варта было б.– Калеку набіў? У дачку архіерэя закахаўся?– Якая ж у архіерэя дачка?– Ну што яшчэ? Троцкага на лекцыі выпадкова працытаваў?Я маўчаў.– Ага. Памылкова зайшоў у аднатыповую з тваёй кватэру, малака папіў і, думаючы, што дома, правёў час з чужой жонкай, як са сваёй. Святла не хацеў уключаць. А ўсё – аднатыпнае.– Так, – сказаў я.І тут ён зразумеў, што я не жартую. А я, сам не ведаючы чаму, расказаў яму ўсю гэтую гісторыю. Вядома, без прозвішчаў. Вядома, змяніўшы ўсё, што магчыма змяніць.