Чорны замак Альшанскі, ч. 1

У гэты момант зазваніў тэлефон. Хілінскі выйшаў у малую спальню, прычыніў за сабою дзверы, але чуваць, мабыць, было кепска, і ён вымушаны быў гаварыць галасней, чым звычайна, і я сёе-тое чуў. – І сувязь з гэтым? А, чорт бы іх з гэтымі дэвізамі!“Назнарок не кажа “валюта”. Кажа “дэвізы”. Думае, што слова не ведаю. Белымі ніткамі шыеш, Адам Пятровіч”.– Заразы. І зброю?.. Чуваць кепска!.. Ясна. У гадзіну трыццаць? Добра. Буду.Выйшаў зноў да мяне:– Сапрычасціўся ты, хлопец, да таямніцы. А я вось непедагагічна сябе павёў. На поўную вымову.– Я, Адам Пятровіч, не з лапатуноў. Вы мяне не першы год ведаеце. І справы вашы мяне не датычацца. У вас свае, у мяне свае.– Пакрыўдзіўся?– Пакрыўдзіўся. А мне бы й век пражыць, нічога пра іх не ведаючы. Ні пра што я ў вас не пытаў. Нецікава, прабачце.– А дарэмна. Усё можа быць. А наконт “хоць бы й век”, то заракаўся нехта, – ён проста патрос мяне за плечы. – Ну, досыць надзімацца, ну… Ну скажы нешта.– Раз ужо я выпадкова штосьці пачуў, то вернемся да Мар’яна. Нешта і ў ягонай справе трывожнае. Вось жа іконы, валюта – я не пытаю, якое там здарылася яшчэ, што вам трэба ехаць. Але чаму таго ж не можа быць тут? І ўрэшце, прадчуванням таксама трэба верыць. Не матэрыял гэта ні для “Абеляў у адстаўцы”, ні для міліцыі, ні для суда, але часам трэба верыць, калі сэрца гаворыць, калі сціскае, моцна баліць.Ён уважліва глядзеў на мяне.– Можа, і трэба. Вер і глядзі.Устаў.– Трэба было б не кідаць цябе да раніцы ў тваім стане. Але сам чуў… Выпіць што-небудзь маеш?– Віно ёсць.– А мацнейшае?– Мгм.– На вось. Ты ж не з тых, што блукаць потым пойдзеш? Ну вось і выпі здорава. Сёння дазваляю. Каб спаў у мяне. Ну, хадзем.Хілінскі ведаў, што рабіць.…Ніколі ў жыцці, ні дагэтуль, ні пасля, я не выпіваў столькі. Дарваўся хлопчык. Спаўна скарыстаўся з суседавай парады. І заснуў як забіты. Распрануты, як заўсёды, але чамусьці пры гальштуку на голую шыю. Ці, можа, усё ж хацеў “блукаць”? Шукаць Зою? Напэўна.У наступныя пяць дзён я выкупляў грэх свайго “пьянственного глумлениа”. Працаваў, не даючы сабе ані хвіліны перадышкі. Нельга было паверыць у тое, што толькі сама каштоўнасць старой кнігі магла выклікаць такую аблогу хаты Пташынскага, усе гэтыя званкі, блуканні пад вокнамі і ўсё такое. Я амаль упэўнены быў, што разгадка недзе ў самім тэксце: нейкая прыпіска на палях балоні, надпіс, умела схаваны ў вязі арнаменту, яшчэ нешта. І вось я шукаў. Усляпую, бо не ведаў, дзе і што шукаць.Шмат разоў за жыццё я чытаў Евангелле, адну з лепшых (калі не самую лепшую) з гісторый, прыдуманых чалавецтвам за ўсё сваё існаванне. Прыемна мне было чытаць яе і зараз, думаць над паасобнымі мясцінамі, уяўляць. І ўсё ж не так прыемна, як раней. Таму што хаця я й чытаў ледзь не па складах – шукаў я ўсё ж іншае. Так для чалавека, які раптам заўважыў першы грыб, адразу перастае існаваць зялёная, спявучая прыгажосць раскошнага летняга лесу.Так я і ішоў, уторкнуўшыся носам у зямлю. Без усялякай карысці, акрамя маральнай. Дый тая была другога гатунку, таму што я сачыў, а не думаў. Часам з’яўляліся думкі, што хаваць нешта ў такім тэксце блюзнерства, а ўжо для сярэдневяковага чалавека (калі толькі хаваў ён) – не проста блюзнерства, а блюзнерства, якое мяжуе з ерассю, са згубай цела і бессмяротнай душы. І, калі гэта так, таямніца павінна быць страшэнна важлівай або… або чалавек той не павінен быў верыць ані ў бога, ані ў чорта, ані ў тагачасны закон.