Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.– Бывай!Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.

РАЗДЗЕЛ VЧалавек знікМінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з’ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце.За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар’яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру.Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар’ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце.Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну.З’едлівая пажылая вахцёрка, якую мы – хай даруе нам бог – клікалі часам “Цэрберам”, часам “Цэнзарам Феакціставым”, на мае пытанні адказала досыць рэзка:– Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З’ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад’езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор. Там часам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны. Двор сапраўды не быў зручны. Усе гэтыя пуні, закамаркі, безжыццёвыя з выгляду галубятні, гаражы. І ягоны гараж. Замкнёны. Невядома нават, ці пусты, ці з машынай. А за пунямі той самы пустыр і дрэвы ля парніковай гаспадаркі. О, божа мой!Я пацягнуўся дадому, не ведаючы, што й думаць. Які д’ябал мог затрымаць яго ў Вільні? Знайшоў нешта ў архіве? То мог бы і звякнуць.Не ў дужа добрым настроі зайшоў я ў свой двор і ўбачыў Хасэ-Марыя Лыганоўскага, які корпаўся ў кветніку пад нашымі вокнамі. Жываплот вакол кветніка ў адным месцы парадзеў, і лекар якраз высаджваў на тое месца нейкія кусцікі. Мядзяны твар ад паветра і працы быў з глыбінным румянцам. Капялюш ляжаў на лаўцы, і ўсяму двару відаць была хвалістая грыва срэбных валасоў.– Гісторыку-дэтэктыву асабістае прывітанне! – сказаў ён.– Кандацьеру ад псіхалогіі – узаемна, – буркнуў я.Ён прытаптаў зямлю вакол перасаджаных сцяблін, адкруціў паліўны кран, адмыў ад гразі рукі і, выціраючы іх насавіком – па-лекарску – палец за пальцам, бадзёра сказаў:– Закурым, сусед.Тут, у зацішку, нават прыгравала. Мы селі на лавачку, я распячатаў пачак і пачаставаў яго. Ён сачыў за гэтым працэсам пільнымі шэрымі вачыма.– Слухайце, – раптам сказаў ён, – у вас часам у сваяцтве не было людзей… ну з пэўнымі адхіленнямі ў псіхіцы?Пазней, калі я, на свой жах, зразумеў, што са мною сапраўды нешта не да ладу, я часта ўспамінаў гэтую першую размову і тое, што заўважыла ўсё гэта спрактыкаванае вока ўсімі знанага псіхіятра. Заўважыла яшчэ тады, калі нават я не заўважаў нічога. А тады я толькі зарагатаў.– Ды не! Здаровыя ўсе былі, як пні.