Чорны замак Альшанскі, ч. 1

І вось пісаў, пісаў я – хутчэй ад жадання перамагчы пачуццё сваёй непаўнацэннасці, бо пісьменнік з мяне нікудышны, – гэтыя творы папулярнага цяпер жанру; пісаў, беручы замест таленту ўменнем разабрацца ў блытаніне актаў, фактамі і логікай. Пісаў і не ведаў, што ў той вечар лёс – цераз аднаго ўстрывожанага чалавека – ублытае мяне ў сапраўдны дэтэктыў.У той брыдкі сакавіцкі вечар я якраз рыхтаваўся да работы. Шчыра кажучы, не цярпелася дарвацца да яе: многія месяцы я займаўся не тым, чым хацеў.Для мяне гэтыя першыя хвіліны – ледзь не найбольшая асалода ў жыцці. Метадычна раскласці на стале рэчы: чыстая папера – справа, злева – месца для спісанай. Справа крыху далей – вымытая да рыпення попельніца. Ля яе нечапаны (абавязкова нечапаны!) пачак цыгарэт. Дзве ручкі запраўлены чарнілам. На падаконні злева свежазмолатая кава ў герметычным слоіку і кававы аппарат. На стале ані парушынкі.Сам ты толькі што пагаліўся, узяў ванну, абавязкова надзеў новую чыстую кашулю. Перад табою бялюткі аркуш ільснянай паперы, і зялёная лямпа кідае на яго яркае ў салатавым паўзмроку кола. Ты можаш адкласці работу да раніцы – усё адно ўнутрана ты падрыхтаваны да яе. А можаш сесці і зараз.І чорт яго бяры, што за вокнамі шалее і коса імчыцца мокрая тхлань сакавіцкага снегу, што за ім ледзь відны вулічныя сіратлівыя ліхтары, скурчаныя цені прахожых, рухомы вежавы кран непадалёк і чырвоную іголку тэлевышкі наводдаль. Нічога, што так тужліва калоцяцца аблепленыя снегам дрэвы і так бяздонна блішчыць пад рэдкімі ліхтарамі асфальт.Няхай. У цябе цёпла. І ты ўвесь, і скураю і нутром, падрыхтаваны да вялікай Работы, адзінага пэўнага, што ў цябе ёсць. І ўсё гэта – як быццам чакаеш найдарожшага спаткання, а яно чакае цябе, і сэрца замірае і падае. І незайманы, цнатлівы ліст паперы чакае першага пацалунка пяра.Званок!Я ўнутрана вылаяўся. Але стол быў прыбраны, і чакаў, і мог чакаць да заўтра, і, можа, гэта было яшчэ лепей, як лепей чакаць дарагога спаткання, каб даўжэй адчуваць лікуючую непатольнасць. Легчы спаць, ведаючы, што “заўтра” прынясе першую – заўсёды першую! – радасць, і прачнуцца з адчуваннем гэтай радасці, і ўстаць, і ўзяць яе.Да таго ж званок быў знаёмы, “толькі для сваіх”. Дый хто пацягнуўся б некуды з хаты ў такую сабачую золь без пільнай патрэбы.Я адчыніў дзверы. На пляцоўцы стаяла, дыгаючы, як жораў, нагамі, худая тонкая постаць у цёмна-шэрым паліто, саматканым клятчастым шаліку, тоўстым, як коўдра, і ў бабровай шапцы.Бабёр гэты ад расталага снегу, шчыра кажучы, дужа нагадваў кошку пад дажджом. Вярнуўся ў родную стыхію.Заходзь, Мар’яне.Ён нібыта юкнуў у перадпакой, ляпнуў за сабою дзвярыма, уздыхнуў і толькі тады сказаў:– А быці таму палацу княскаму багату, як касцёл, дый надалей фундаваць касцёлы.Мы з ім любілі часам паразмаўляць “у стылі барока”. Але на гэты раз жарт у яго не атрымаўся: занадта бязраднай была ўсмешка, занадта няўпэўнена расшпільвалі паліто худыя доўгія пальцы.Гэта быў Мар’ян Пташынскі, адзін з нямногіх маіх сяброў, “ларнік вучоны” і сапраўды адзін з лепшых у краіне знаўцаў архіўнай справы, вядомы, праўда, значна болш як калекцыянер-аматар. Калекцыянер амаль неверагодна абазнаны і ўзброены найглыбейшымі ведамі, беспамылковым густам, сабачым нюхам на фальшывае і сапраўднае, сталёвай інтуіцыяй і чуццём на падробкі.Мы з ім любім адзін аднаго. Ён ледзь не адзіны чалавек з вучонага свету, які не ставіцца іранічна да маіх гісторыка-крымінальных росшукаў. А я люблю ягоныя бясконцыя апавяданні аб рэчах, паперах, пячацях, манетах і ўсім такім іншым.