Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Ну што гэта, як красная дзеўка, – сказаў лейтэнант Клепча.Я раззлаваўся, і, дзіўна, мне адразу стала лягчэй.– Вось што, лейтэнант, – сказаў я. – Калі б пасля такога пераплёту я, скажам, спытаў бы ў вас, якой вы думкі аб творчасці Первенцава, або пачаў дасціпна гаварыць аб дасягненнях народнай гаспадаркі краіны – тады мяне трэ было б неадкладна браць пад белыя рукі і везці ў Навінкі.

Маўчыце, Клепча, – абарваў яго Шчука. – Адыдзем да машыны, Косміч.Ён хацеў адцягнуць маю ўвагу, дзякуй яму.– Што было ў яго ў кішэнях? – спытаў я. – Каша з тытуню, хлеба, паперы і іншага. Ён курыў?– Апошні час дужа мала. Яшчэ што?– Баначка з матылём. Вось. І ў чаўне два буйныя шчупакі.– Ягоная, – сказаў я. – Але не мог ён такога буйнога шчупака… І што ён, увогуле, шчупака на матыля лавіў? Лухта якая!– Спінінг знайшлі, – даляцеў па вадзе голас з чаўна. – Відаць, шчупак зацягнуў пад корч – вудзільна і патанула.– Ну, бачыце, – сказаў Шчука.– Ад чаго гэта здарылася? – спытаў я.– Упаў з чаўна ў ваду. Патануў. Як у яго са здароўем?– Ён быў дужа хворы чалавек.– Ну вось. Мог быць прыпадак.Мы падышлі да машыны.– Ягоны “Запарожац”, – па аглядзе сказаў я. – І ўсё ж я не веру, што гэта ён. Так, машына, так, вопратка. Але ж аблічча… няма. Але ж гэты, здаецца, вышэй ростам. І потым, чаму паехаў адзін?З лесу, з туману, вынырнуў да машыны Велінец з сабакам.– Рам следу ад машыны не ўзяў, – сіпата сказаў ён. – І не дзіва. Колькі дзён! Акрамя таго, снег яшчэ ляжаў. Дождж злізаў яго. І зноў снег. І зноў стаяў… Відаць, канчаткова вясна.– Няўжо бываюць неапазнаныя? – спытаў я.Палкоўнік не адказаў.…Яшчэ праз гадзіну мы ішлі да машыны. Цела ўжо забралі. Наперадзе ішлі Велінец і Клепча і гаварылі ўжо аб нечым іншым.– Ды зразумей ты, – гарачыўся Клепча, – матэрыял ягонага гарнітура.– Ну ладна, – з іроніяй цадзіў Велінец, – касцюм з матэрыялу, партыю якога ўкралі. Доказ мне яшчэ! Ну а каб, скажам, ён быў калісь паліцаем, чакаў патаемна ў душы “выбуху народнага гневу” і на гэты выпадак трымаў у страсе арсенал – ён што, тады хадзіў бы па вуліцах і плошчах з кулямётам у руках? Глупства! Матэрыял яго і апраўдвае. Дый характар ягоны. Самае, напэўна, страшнае злачынства ў ягоным жыцці – у жонкі з шуфляды тры рублі сцягнуў на гарэлку.А мяне калаціла! І ад раптоўнага ўсведамлення непапраўнасці, і ад гора, і ад нейкай няяснай надзеі, і ад злосці на гэтых, якім усё адно, якія так хутка ўсё забылі, пераключыліся са смерці чалавека на нейкі матэрыял ды яшчэ й жартуюць.…У маленечкім мястэчку Чурсы спыніліся перакусіць. Я глядзеў на гэтыя паўсотні дамоў, лялечную чайную, флігель ад разбуранага ў вайну палаца і гіганцкія, туманна-мокрыя, чорныя дрэвы старажытнага парку і ўспамінаў, як улетку мы хадзілі тут з Мар’янам і збіралі на прынаду слімакоў. Іх тут было безліч на берагах шматлікіх зялёных ставоў, у роснай прахалоднай траве. Я нідзе столькі іх не бачыў. І такіх вялізных, з яблык велічынёй. “Француз бы звар’яцеў з радасці”, – сказаў тады Мар’ян. І вось я глядзеў, і ў мяне пякло вочы і нешта ў грудзях.– Ласіна ёсць, – прыбег Клепча, – мабыць, нехта па ліцэнзіі забіў ды здаў у чайную. Пашанцавала. У Мінску не дастанеш.– Бы ў лепшых дамах Ландона, – сказаў Велінец.У чайной усе размясціліся пад дрэннай копіяй з карціны “Томаш Зан і Адам Міцкевіч на беразе Свіцязі”.– Абажаю аленяў, – сказаў Клепча, умінаючы ежу.