Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Угу, – сказаў Шчука, – яшчэ з часоў дзіснееўскага Бембі ў кіно. Надзіва гожая і шляхетная істота. Пяшчотная, мяккая.Я не мог есці. Заказаў дзвесце грамаў “Белавежскай”, цяпнуў яе нагбом, як апошні алкаш, і закурыў, адчуваючы, як паволі апякае мне ўсё ўсярэдзіне. Адчуваў, што я несправядлівы, што гэта штодзённая іхняя работа і не паміраць жа ім з голаду, і ўсё адно пагарджаў імі. І таму нямала здзівіўся, калі палкоўнік пайшоў і прынёс сабе і мне па сто пяцьдзесят, сеў і, раптам, таксама амаль адштурхнуў талерку.– Не магу. За столькі год, а не мог звыкнуць. Вып’ем, Антон Глебавіч. – І пасля паўзы: – Ненавіджу свалачоў… Пакуль не здохну…У гэты момант Клепча заўважыў на карціне Занавы бакенбарды і раптам сказаў:– А чаго-то Пушкін? Хіба ён быў на Свіцязі?– Гэта Зан, – магчыма, занадта рэзка сказаў я.– Ну а гэты… Зан… хіба ён…– Памаўчыце вы, калі ласка, – абарваў яго Шчука і толькі тут адказаў на мае словы, сказаныя яшчэ на Романі: – Бывае і так, што не апазнаюць. Рэдка, але бывае. Дай бог памяці, у 63-м ці ў 64 годзе пісьменнік ваш адзін, ну, з гэтых, маладых ды ранніх, раманы яшчэ гістарычныя піша, плыў са сваякамі па Дняпры ля Рагачова. Бачыць, нешта ружовае. Падумаў, што незвычайнай велічыні глушаная рыба (вось трэба яшчэ гэтых “шахцёраў” з Бабруйска прыціснуць, што ездзяць рыбу глушыць). Устаў на носе і раптам стырнавому: “Вараці!..” Плыве спінаю дагары жанчына ў ружовай камбінацыі. Ну, усё зрабілі, прыехалі нашы па труп… Але й дагэтуль невядома: хто, адкуль, як? Можа, аднекуль з Урала ў невядомай кампаніі прыехала, а можа, і яшчэ аднекуль. Ці сама ўтапілася, ці, можа… Але выплыве. Так ці іначай, а яна выплывае рана ці позна, праўда. Так што й ты, хлопец, не квілі. Цяжка, ясна. Але суцешся хаця тым, што атрымаюць яны, калі гэта забойства, – спаўна. А ўжо мы пастараемся, перабяром усё.– Што ж, – сказаў Клепча, – усю Беларусь дагары нагамі перакуліш? Усіх сваякоў перабярэш? А тыя, можа, з Эстоніі?– А ты і эстонскіх перакулі, – сказаў Шчука. – І, дарэчы, вазьмі прыжыццёвае фота ды паездзі па акрузе. Можа, нехта бачыў такога чалавека ў кампаніі з кімсьці знаёмым… напярэдадні.– А па тым здымку? На беразе.– Па тым здымку людзі падумаюць, што паказваеш акцёра Аўсянікава ў ролі ценю бацькі Гамлета. Думаць трэба, хлопец.Калі машыны ўжо зноў ляцелі па плітачнай шашы алеяю трохсотгадовых ясеняў і вязаў, Шчука раптам спытаў:– Што то за кніга?Я расказаў.– Паказаць не можаш? Ага, тады заедзем да цябе ў хату. А пасля… можа, з намі на ягоную кватэру з’ездзіш?– Так… Слухай, ён жа трывожыўся! Ён казаў аб нейкай сувязі з тым, са старажытным, злачынствам!– Гэта магло быць проста ад нерваў. І потым, каб мы займаліся ўсімі злачынствамі, зробленымі за мільёны год, з таго часу як малпа стала чалавекам, то каму было б разбірацца, хто ўкраў у сябра Раткевіча аўтаручку.Дзіўна, ягоны грубаваты тон крыху супакойваў мяне.– Так што старажытным злачынствам займіся ты. Ты знаўца, гісторык, табе і карты ў рукі. А знойдзеш што-небудзь цікавае для сённяшняга дня – ну, тут мы заўсёды да тваіх паслуг.– Ты накшталт таго капеечнага крытыка, якому падавай творы толькі на злобу дня. А для гэтага газеты ёсць.Мы заехалі да мяне, узялі ў партфель кнігу і пакацілі на парніковую гаспадарку.І зноў была алея напалову выпляжаных ліп, і стары дом, і барокавая брама могілак. Толькі на дне спушчаных ставоў накапілася каламутная вясновая вада. А ўва мне ўсё яшчэ жыла няпэўная надзея, што вось пазвонім, вось у глыбіні кватэры аддадуцца крокі, лясне замок і заспаны Мар’ян скажа мне: