Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– А ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?Ніхто не адказаў на званок. Мы стаялі і чакалі доўга, і я чуў, як “Цэнзар Феакцістаў”, з’едлівая вахцёрка, адказвае Клепчу:- Два дні назад як быццам чую – замок ляснуў. Гляджу – чалавек. Але дзверы зачыненыя. Пытае: “Што, там нікога няма, бабуся?”– Які хаця па выгляду чалавек?– А такі сабе… ну… нібы крыху гарадскі, а крыху нібы й не гарадскі.Урэшце прывялі панятых і адкрылі замок. І надзея мая адразу знікла, а пачуццё бяды ператварылася ва ўпэўненасць.Эльма ляжала нерухома на падлозе. Здаравенны тыгравы Эдгар, убачыўшы мяне, няпэўна матлянуў азадкам. Вочы ў яго былі няшчасныя і слязіліся, і ён адразу заплюшчыў іх. Нават не ўстаў насустрач.У перадпакоі рэзка і моташна пахнула чымсьці. – Ён не ездзіў у ніякую Вільню, – упэўнена сказаў я Шчуку, – іначай бы адвёў сабак. Ён і не думаў з’язджаць больш чым на адзін дзень.– Сабак усыпілі, – сказаў Шчука.– У той жа дзень усыпілі. Бачыце, яшчэ не з’едзена ежа, не выпіта вада. Толькі як маглі ўсыпіць на столькі дзён?– Мо шукалі нешта? Калі за адзін дзень не знайшлі, то маглі паўтарыць дозу.– Але як? Гэта выхаваныя псы. Яны нічога не возьмуць з нічыіх рук. Толькі ў Мар’яна… і ў мяне.– Акрамя паветра, якога ні з чыіх рук браць не трэба, – Шчука паказаў на замочную дзірку.– Я ведаю, чаго яны шукалі, – і я дастаў з партфеля кнігу.– Што ж, давай прысядзем тут, – Шчука паказаў на доўгую скрынку для абутку, – каб не перашкаджаць. Займіцеся хатай, лейтэнант.Мы селі на скрынку і пачалі ўважліва пераглядаць стары том. Усё гэта было дарэмна. Што можна было заўважыць за гадзіну, калі я цэлыя дні сядзеў над ім.– Забяры, – сказаў урэшце Шчука, – думай і далей над гэтым. Тут не нашага розуму справа. Магчыма, нейкая складаная галаваломка. А магчыма, і прасцей. Каштоўнасць кнігі вялікая?– Так.– То, можа, ніякай загадкі і няма.– Хочаце сказаць, што цана чалавечага жыцця не большая за цану гэтага хламу?– Ёсць такія, з вашага дазволу, людзі, для якіх жыццё другога не каштуе і шэлега.– Зайдзіце, – сказаў Клепча, – паглядзіце сваім вокам, чаго не хапае ў кватэры?Я зайшоў. Трус, відаць, ужо скончыўся. Толькі адзін з групы яшчэ перабіраў паперы ў шуфлядзе стала. Па-ранейшаму лёталі пад столлю анёлы, па-ранейшаму Юры папіхаў нагою цмока. Толькі Мар’яна не было. І не будзе болей.– Не хапае дзвюх карцін, – глуха сказаў я.– Тады, значыцца, пра кнігу й мовы няма, – сказаў Клепча. – Мо і сапраўды барыгі-спекулянты. Не выгарала, і ўсё. Такая гісторыя, расказвалі, нядаўна ў Маскве была, па вуліцы Качалава. Угаворвалі, угаворвалі прадаць – ну і ўсё скончылася на гэтым. І званілі, тэрарызавалі пасля са злосці: выпаў кавалак з рук… А вось карціны – гэта цікавей.– Таварыш палкоўнік, – чалавек у цывільным, што корпаўся ў шуфлядзе, працягнуў Шчуку аркуш паперы. – Гэта, бадай, цікавей за карціны.Шчука прачытаў і працягнуў паперу Клепчу. Той прабег вачыма, свіснуў і паглядзеў на мяне. Палкоўнік узяў аркуш і падаў яго мне. А калі я, у сваю чаргу, прачытаў тое, што было напісана, у мяне непрыемна заняло дых. Аркуш быў па ўсёй форме складзеным і завераным у натарыуса запаветам, па якім грамадзянін Мар’ян Пташынскі, на выпадак раптоўнай смерці, завяшчаў усю сваю маёмасць другу, грамадзяніну Антону Космічу, з умовай, каб азначаны Косміч утрымліваў былую жонку вышэйпамянёнага Пташынскага на ўвесь час яе хваробы.