Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Што ў яе? – спытаў Шчука.– Рак, – сказаў я. – Ляжыць у Гомелі.– Значыць, другі сэнс гэтага “на час хваробы” – да смерці, – сказаў Клепча.– Ну нашто ж так, – сказаў Шчука. – Пазваніце, Клепча, да нас, хай навядуць у Гомелі даведкі пра стан, як яе?.. пра стан Юліі Пташынскай.Не паспеў лейтэнант пакласці трубку, як пачуўся званок у дзверы, і сэрца маё зноў упала ад неверагоднай раптоўнай надзеі. А пасля тупа забалела, бо гэта быў усяго толькі той чалавек, якога бачыў з чамаданчыкам на беразе Романі. Я здагадаўся, што гэта, мабыць, медыцынскі эксперт.– Што-то вы, Ягор Апанасавіч? – спытаў Шчука.– Хацеў, каб хутчэй даведаліся аб выніках ускрыцця, а мне па дарозе, ну і…– То што выявілася?– Аніякіх слядоў гвалтоўнай смерці, – сказаў нізенькі румяны лекар.– Што ж яго, анёл божы?– Магчыма. У яго два мікра і адзін інфаркт. Завал сэрца – вось прычына. Мабыць, стаяў у чаўне і тут здарылася. Упаў у ваду і захлынуўся.– Чаго ж ён адзін ехаў?! – у роспачы крыкнуў я.– Ягоная справа, – буркнуў Клепча.– Ясна, што ягоная. І ніколі, ніколі ён не бярогся! Ніколі!– Што за карціны прапалі? – спытаў Шчука.– Гэта і падазрона, – сказаў я. – Каб кралі – кралі б іншыя. Гэту. Гэту. Гэту. Ім цаны няма. А тыя дзве – поўная лухта, толькі што не новая. “Хрыстос у Эмаусе”, нямецкай школы канца мінулага стагоддзя, і англійская “Кромвель ля магільнай ямы Карла І”. Гэтую ён у Кіеве ў ЦУМе купіў адразу пасля вайны.– Помню я гэтую карціну, – раптам сказаў Шчука, – доўга яна ў іх на сцяне вісела. Пашкоджаная крыху ўнізе. Кромвель у паланкіне сядзіць.Я вылупіў вочы:– Ну й памяць!– Памяць прафесійная.– Дакладна. Прадзёртая была. Ён рапараваў. Вялізныя дуры, яркія. “Кромвель” гэта “пад Рэмбранта наддае”. Ён іх не цаніў.– То, можа, не разабраліся? – спытаў лекар. – Убачылі, што вялікія, у вочы кідаюцца – ну і ўзялі.– А чаго тады не ўзялі яшчэ чаго? – сказаў раптам “цывільны”. – Вось. Грошы. І шмат нешта грошай.Грошай было восемсот дваццаць рублёў.– Мо спяшаліся? Не ведалі? – спытаў Клепча.– Гэта барыгі па мастацтву, – сказаў я. – Хоць сёе-тое, ды разумеюць. Не ўзялі б яны гэтых карцін. Можа, другое. Мо не цаніў, то прадаў. Яму дзеля жонкі былі патрэбны грошы.– І тое, – сказаў Шчука, – хай нашы пашукаюць па антыкварыятах.…За акном ужо ляжала сутонне, і мы збіраліся ісці, калі зазваніў тэлефон. Клепча зняў трубку.– Так… Так… Дзякуй вам.– Што такое? – спытаў Шчука.– Званілі ад нас. Юлія Пташынская памерла пяць дзён таму…Выгляд у яго быў надзіва значны. Ён глядзеў на мяне.– …і якраз у намеркаваны дзень смерці мужа. Ц-цік-кава… Мо і карціны… для адводу вачэй.Чырвань кінулася мне ў шчокі. Толькі тут я зразумеў, як можна расцаніць увесь гэты недарэчны, страшны збег абставін.– Слухайце, Клепча, не будзьце быдлам!– Ну-ну!– Ён мае рацыю, Якубе, – сказаў Шчука. – Гэта быў найлепшы ягоны сябар.– Адзіны і назаўсёды, – глуха сказаў я. – І я да канца жыцця рабіў бы толькі за хлеб, абы выбіць дзеля яго яшчэ год жыцця. А калі вы лічыце, што я такая пачвара, якая можа брата за шэлег забіць, то ведайце: тут няма нічога, што пасля смерці Мар’яна не павінна было б быць аддадзена музею на ягонай радзіме.– Хто гэта ведае? – ужо тонам ніжэй спытаў Клепча.– Я гэта ведаю. Так што калі я чымсьці і разжывуся, то гэта дзвюма сабакамі. З маімі раз’ездамі гэта зусім не патрэбна, але я іх не кіну, я іх буду трымаць, пакуль не памруць… у… памяць…