Чорны замак Альшанскі, ч. 1

У мяне ўжо душыла ў горле ад крыўды і ад непрыязні да гэтага чалавека. Уратаваў мяне Шчука, іначай гэта чорт ведае чым магло скончыцца.– Бярыце сабак і нясіце ў машыну, – буркнуў ён. – Памажы, Клепча. І змоўк урэшце, халера на цябе… Прабач, Косміч, я зараз закіну вас дадому. Хата будзе яшчэ некалькі дзён апячатаная. Пасля атрымаеш ключ, каб гэта ліквідаваць. Я дастану вам машыну, каб перавезці ўсё гэта, як завяшчаў нябожчык.– Нябожчык, – сказаў я, – значыць… няма надзеі, што не ён.– Няма, – сказаў Шчука. – На жаль, няма.Калі мы з ім даставілі да мяне сабак – Эльма так і не прачнулася і я валок яе на руках, цяжкую, як цяля, – ён адпусціў машыну і раптам сказаў мне:– Там побач з рэстаранам у вас што, кафэ? І сядаць не трэба?– Не трэба. І за мною яшчэ доўг гонару.Ён моўчкі павёў мяне пад руку. І толькі калі мы ўжо стаялі ля стойкі і прысёрбвалі каву з каньяком, азваўся нечакана мякка:– Плача нутро? То ж бо, я гэта ведаю. Сам двойчы перажыў такое… Дык вось, Антоне, калі нешта ўспомніш, калі нешта знойдзеш – ты Хілінскаму скажы. Мы ж сябры, ён мяне праінфармуе, – уздыхнуў. – Я ж ведаю, мала радасці чалавеку, ды яшчэ ўразліваму, цягацца па нашых установах.Паклаў мне руку на плячо.– А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б’е цябе доўбняй па галаве.

РАЗДЗЕЛ VI

Кароткі. Аб сівым антыквару і “барыгу”Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін – прабачце – няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.– Не, не проста, – сказаў я ў трубку. – Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.– То што б вы параілі, шаноўны Антон Глебавіч?– Я ведаю? Я стаў бы шукаць таго, хто ўмаляў прадаваць яму кнігу, мо ён і падгаварыў узломшчыкаў.– А можа, сапраўды схапіла сэрца, упаў, захлынуўся? А кватэру абрабавалі пасля?– Вашы гіпотэзы, вы і правярайце.Я паклаў трубку. Я цярпець яго не мог за адно толькі падазрэнне. У гэтыя дні я зрабіў адно адкрыццё. Круціў кнігу і так і гэтак і знайшоў у дзвюх мініяцюрных чырвоных літарах нібы ўплеценыя ў завіткі лісцікі, кветкі і візэрункі – ініцыялы. Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА – Пятро Давыдавіч Альшанскі – і ВХА – Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д’ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з’явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.