Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Яны?– Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку “Кромвеля” зацыраваны след пашкоджання.– Ягоны почырк? – ён працягнуў мне квітанцыю.– Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно – з сівенькім дзядком – антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое – са здаравенным выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.– Дык я вам і кажу, – гарачыўся дзядок, – што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука – мне ўжо і не ведаць.– Словы, – сказаў Клепча.– Што словы?! Што?!– Словы, кажу, надта спецыфічныя, ведаеце.Тут ён мне ўпершыню спадабаўся. Але дзядок узвіўся:– Крымінальныя раманы пішаце?! Дэтэктывы друкуеце?! То што вы хочаце, каб людзі не ведалі спецыфічных выразаў? Што?! А што датычыцца, што вы карцін не бачылі, то я галоўны антыквар, то я такі быў у ад’ездзе і квітанцыі схаваў, а карціны на складзе былі. І вось іх выставілі, што?! Вы ж бачыце, калі здаў.– За два дні да смерці, – сказаў Клепча, – вось чаму было шмат грошай. Слухайце, а вы гэта дакладна ведаеце, хто званіў Пташынскаму наконт кнігі?– Ну, хіба я што? Я дакладна! Спыталі б з самага пачатку ў мяне, і не спатрэбілася б тых дурных падазрэнняў, так? І ён рады быў сам сказаць з пачатку. Вось ён хацеў купіць, Барыс Гутнік! Ужо я што, Бору не ведаю, каб не ведаць, хто хацеў купіць.– З якой прычыны хацеў купіць?– Кнігалюб. А што, нельга?– Гандлюе кнігамі.– Дык я ж не чуў. Часам мяняе.Прывялі і Бору, таго самага выпешчанага бамбізу. – Я званіў, – спакойна прызнаўся ён, разглядаючы дагледжаныя пазногці. – Толькі ніякага шантажу не было. І ніякага “чалавека вясковага выгляду”, што быў на выстаўцы кнігі, не ведаю… Так, разы тры званіў. Усё думаў, што перадумае… Ну, проста хацеў гэтую кнігу.– Для працы?– Не ўсе, хто любіць кнігу, ужываюць яе для працы. Я проста люблю кнігу. А вы хіба не?Хацеў бы я ведаць чалавека, які ў наш адукаваны век прызнаўся б, што ён цярпець не можа кніг. Хоць да гэтага мы, дзякуй богу, дараслі.Клепча сумеўся, а малады бамбіза дужа сур’ёзна вёў далей:– Гэта адзіная мая страсць, таварыш лейтэнант. За гэта, па-мойму, не судзяць. І калі ўжо “кнігі суць рэкі, што напаяюць сусвет”, то як можна вінаваціць таго, хто прагне і п’е. Ясна, званіў, не хацеў выпускаць з рук.– Вам не здаралася гандляваць кнігамі? – спытаў Клепча.Гутнік палез у кішэнь пінжака і выняў газету.– Гэта яшчэ нашто?– Сёння якраз, ідучы сюды, атрымаў. Беластоцкая “Ніва”. Бачыце, падзяка за тое, што перадаў у бібліятэку дзвесце пяцьдзесят назваў кніг. Каб гандляваў, наўрад ці зрабіў бы такое. Менш каштоўныя, як лепшых набярэцца, адразу аддаю. Можаце праверыць.– А мы і праверылі, – сказаў Клепча, – тут вы не хлусіце, усё праўда. І тут аддавалі, і ў Віцебск, і польскім беларусам.Я не ведаў, чаго Клепча трымае пры гэтых допытах мяне. Папрасіў дазволу закурыць, бо “аж вушы ў мяне ад жадання папухлі”, раскрыў пачак.– Дайце і мне, – папрасіў раптам бамбіза. – Дзякуй. Што-то такое? “БТ”? Курэц з мяне ніякі, але, разумееце, расхвалявала мяне гэтая гісторыя.