Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Няўмела зацягнуўся, аж шчокі да зубоў прыліпнулі і, паказваючы на газету, сказаў нібы проста ў прастору, але з відавочным жаданнем ушкуліць Клепчу:– Імя надрукавалі. Ветлівыя людзі. А тут і сабака не скажа “дзякуй”.Гэты чалавек пачаў выклікаць да сябе прыхільнасць. Нават ягоныя вусікі не здаваліся ўжо мне фатаўскімі.Ідучы дадому, я думаў, што і апошнія ўскосныя доказы рухнулі. Нічога не дало ўскрыццё, нічога не дало знікненне карцін. Ні ў кватэры, ні на месцы, дзе загінуў Мар’ян, не было знойдзена аніякіх слядоў. Наконт кнігі званіў ні ў чым не вінаваты кнігалюб, дый невядома, ці кнігу шукалі ўзломшчыкі, што ўсыпілі сабак.…Мінуў тыдзень. Ніхто мне не званіў, ніхто не выклікаў мяне, і па гэтых прыкметах я зразумеў, што следства з поваду заўчаснай смерці Мар’яна Пташынскага, хутчэй за ўсё, зайшло ў тупік.

РАЗДЗЕЛ VІІ

Што было сказана ў “Новым Тэстаменце”і якую таямніцу схаваў у “Апакаліпсісе”Іаан Багаслоў…Працаваць я не мог. Бавіцца – таксама. Неадчэпныя думкі аб Мар’яне і ягоным нечаканым канцы мучылі мяне і ўдзень і ўначы. Заставалася адно: тупа і ўпарта сядзець над ягонай кнігай і думаць, думаць, думаць. Думаць без усякай надзеі да нечага дадумацца, без усякай змогі звесці канцы з канцамі. Адзінае, што было тут ненадрукаванае, гэта маргіналіі , каментарыі хуткапіссю. Часцей за ўсё містычнага характару, накшталт: “Збылося пры каранаванні” або “спраўдзілася ў вешчым сне такога і такога”.Мне ўжо даўно хацелася плявацца, і аднак…У той вечар я вырашыў зрабіць апошнюю спробу.Пад зялёным абажурам гарэла асабліва моцная лямпа. Святло біла мне ў вочы, і таму я апусціў каўпак яшчэ ніжэй, каб яно падала толькі на кнігу. Ці я выснажыўся за апошнія дні, ці так падзейнічала ціша, але я на хвіліну задрамаў і, мабыць, асунуўся ніжэй у крэсле. А калі расплюшчыў вочы, яшчэ замглёныя сном, убачыў на левай балонцы ледзь прыкметныя цёмныя кропкі. Узняў галаву – яны зніклі. Апусціў – зноў з’явіліся. І тады я зразумеў, што бачу не кропкі, а ледзь прыкметны “цень ад кропак”, ад нейкіх шурпатасцей паперы. Заплюшчыў вочы, правёў кончыкамі пальцаў і адчуў іх навобмацак. Я перагарнуў балонку і ўбачыў, што гэтым невідочным, мікраскапічным пукатасцям, якія і давалі падобны на россып парушынак цень, адпавядалі значна меншыя за шпілечную галоўку ўмяцінкі, зробленыя, можа, тупым канцом іголкі. Пазней я ўпэўніўся, што ў гэтым месцы яны яшчэ былі буйныя. Каб не шчаслівы збег абставін, каб не гэтае нізкае месцазнаходжанне крыніцы святла і маіх вычэй – я так бы нічога і не даведаўся. Але толькі гэта і было шанцаваннем. Далей прыйшла чарга на ўменне.Гэтыя націскі былі размешчаны без усялякай сістэмы. Я налічыў дзевяць такіх пад літарай А, дзесяць пад літарай С і г.д. Калі гэта і быў тайнопіс, то такі, якога не разгадаеш. Крыптаграма? Анаграма? А чорт яго ведаў, як называўся той спосаб у сярэднія вякі. Выскачыла мне з галавы тая назва. Ну, я вам тады растлумачу сутнасць. Патэнтнага бюро тады не было, бюро адкрыццяў таксама. Скажам, вучоны рабіў нейкае адкрыццё, але хацеў мець яшчэ крыху часу, каб яго праверыць. Але як зрабіць, каб не перахапіў нехта іншы, каб пасля можна было давесці свой прыярытэт? Тады ён зашыфроўваў вынаходніцтва.Яно, скажам, заключалася ў адным сказе: “У шэфа доўгі, чырвоны ад віна нос”. Няўдалы прыклад, бо тут давялося б шыфраваць зусім па іншай прычыне, не па навуковай, а па адміністрацыйнай, але няхай.