Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Думай, хлопец! Як бы ні здавалася, што сэнс лёгкі, – думай. Думай! Варушы мазгамі. Чаму палоса змятая? Чаму наўскос? Чаму плямы клею, белыя кавалкі, чаму не змяты менавіта той канец, на якім тыя, адзіныя на ўвесь другі бок, літары?..У кніжным шыфры ёсць словы: “…складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі”.І тут мяне як стукнула. Я ўспомніў адзін сярэднявечны беларускі спосаб дасылання таемных лістоў. Два военачальнікі, дыпламаты або змоўшчыкі загадзя рабілі сабе два прадметы аднолькавай формы. Кожны меў пры сабе адзін з іх. Калі трэба было даслаць данясенне, адзін з іх наматваў на свой прадмет палосу паперы, даўжыня і шырыня якой былі загадзя абумоўленыя. Пасля тэкст пісалі ўздоўж гэтага прадмета. Потым палосу разматвалі. На раскручанай стужцы нічога нельга было зразумець, бо словы, часткі слоў, нават літары былі цяпер у самых розных яе канцах. Той, хто атрымоўваў данясенне, накручваў яго на свой прадмет пад загадзя агавораным вуглом… і чытаў… Ганец не ведаў зместу. Выпадкова трапіўшы ў рукі ворага, ён нічога не мог выдаць. Усе, нават злосныя непрыяцелі, ведалі гэта, і рабілася такое не з недаверу да ганца, а проста каб чалавека не мучылі дарэмна.Пакуль што ўсё сыходзілася. І змятасць. І рады, пісаныя “наўскос”. І плямы клею, бо ім для зручнасці, каб не раскручвалася падчас пісання, замацоўвалі стужку. І нават тое, што некалькі літар было на адным баку, а ўсё астатняе на другім. Відаць, прадмет быў складанай формы і шыфравальшчык перакруціў палосу, каб яна зручней абвілася вакол нейкага выступу. Паспрабуйце, сапраўды, навіць вакол чагосьці непаслухмяны пергамент! Гэта вам не пакорлівая папера.Усё сыходзілася, усё было, акрамя… акрамя таго, што я не меў і ніколі не мог мець – прадмета, на які тая стужка навівалася тры з паловай сотні год назад.Адзін разумны нашчадак меў частку чагосьці важлівага, тое, што “скрылі карэнні”. Але ён не ведаў, у руках якога другога разумнага нашчадка знаходзілася “медзь”, тое, на што трэба матляць, не ведаў яе формы. А значыць, усе мае намаганні пайшлі “на псы”.…Чаму “на псы”? Думай, хлопец, думай! Справа, вядома, будзе дужа цяжкая, калі той “прадмет”, скажам, меў форму двух конусаў, складзеных асновамі. Дужа цяжкай, але і тут магчыма. Ды толькі наўрад ці карысталіся яны прадметам такой складанай формы… Часцей за ўсё палоса пергаменту ці паперы матлялася на жазло пэўнай даўжыні… А што такое жазло?.. Гэта той самы кій… А што такое кій? Кій – гэта, калі вызначаць прыбліжана, той самы цыліндр, хай сабе складанай канфігурацыі, дзе таўсцейшы, а дзе і танейшы. Калі гэта так, то чаму не вырашыць задачу, якая здавалася нязмерна цяжкай мазгам звычайнага сярэдневяковага чалавека (“наш, просты сярэдневяковы чалавек”) і якую зараз можа вырашыць нават вучань дзевятага класа, калі ў яго, вядома, на плячах галава, а не кавун.Я пішу ўздоўж прадмета. Палоса можа навівацца на гэты прадмет пад любым вуглом. Вугал між карацейшай адлегласцю па нармалі (шырыня палосы), аднесеныя да даўжыні радка ёсць косінус вугла намоткі. Змераў даўжыню радка пад вуглом. Яна – 58 міліметраў. А шырыня самой палосы – 49 міліметраў.Ну вось, гэта пайшло ўжо крыху цікавей. Дзе гэта мая лагарыфмічная лінейка? Я ж не карыстаўся ёю з часоў раскопу ў Гарадзішчы і звязанай з гэтым гісторыі. Чорт пабірай, гэта мог дадумацца толькі бацька: падсунуў яе пад насценны прайгравальнік, каб не драпаў фарбы.