Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Калі запісаць па-чалавечы, то тэкст гэты гучаў так.“Якъ латіне ракуть Finis ані судъ ані падсудакъ ані паконъ не взыщуть і што маю, то маетнасцю моею буде і што не володевъ, а падскарбі нажыв.А шукаті ту кгмахъ кутні ложніца ключавая пуста. А друга от куту там глыбе контрафекту окрут ступъ плінфай бо заклавъ бі і клет ніжні ложа дубасная ложніца камена і тымъ па жываце заволаныхъ ні дачекаціса за завораю еда Бог устрбе клетъ врхні павкапь зта капь срла каменію не мала сыкгн скоец ман універсалы грам го кскае мсці а кустодъ калваріе зрецелна а невісно бо Z i N пад хамараю овай.Пачынь кмотръ а кмотра жона лайно псіно з вопю і людожртм до сурм ала агела агні довеку АМАНЪ”.Нельга было сказаць, каб і гэта было так ужо зразумела. Але тут хаця можна было скласці слоўнічак і падставіць пад незразумелыя словы сучасны сэнс. І я пачаў лазіць па ўсіх выпісках, па ўсіх сваіх картатэках, па слоўнічках у “Гісторыі кнігі”, у Карскага, у іншых кнігах.Паконъ – закон. Кгмахъ – гмах. Ложніца – спальня. Контрафект – малюнак, вобраз. Окрут – карабель. Плінфа – старажытная вельмі пляскатая цэгла. Дубасны – з яловай кары. Заваланыхъ – закліканых. Завора – завала, засаўка. Еда – мабыць, егда – хіба, няўжо, інакш. Павкапь, капь – два і чатыры пуды. Скоецъ – манета. Кустодъ – вартаўнік. Невісно, нявісны – гэта архаічнае сляпы, невідушчы. Значыць, і тут нешта “слепа”, “нябачна”, а можа, і проста “не знойдзеш”. Кмотръ – кум. Лайно – ну, гэта слова з лексікона Зізанія і азначае нечыстоты, адкіды, гной, памёт. Калваріе – месца кары, лобнае месца, галгофа, могільнік (ад лацінскага calva – чэрап).А што такое людожртм? Мабыць, “людажэрствам”. Хітрыў, зараза, цітлы не ў належных словах ставіў, не там, дзе трэба.Падставім цяпер тое, што зразумела. Перакладзем.“Як лаціняне кажуць: Finis (канец)! Ані суд, ані падсудак (чыноўнік, або пісар земскага павятовага суда), ані закон не ўзышчуць, і што маю, то маетнасцю (маёмасцю) маёю будзе, і (тое), што не валадзеў, а падскарбім (дзяржаўным казначэем) нажыў.А шукаць тут гмах кутні, спальня ключавая, пустая. А трэцяя, ад куту , там, глыбей малюнка карабля, восем ступ цэглаю, бо заклаў (абы?) клець (паверх ніжні), ложа з яловай кары, спальня каменная, і тым пасля жыцця закліканых за завалаю не дачакацца, хіба (што) Бог устр(у)бе (уструбіць). Паверх верхні – паўкаць золата, каць срэбра, камення не (об)мал(ь) (нямала), сыкгнеты, макеты (ускрыты?), універсалы (я)го к(аралеў)скае м(о)сці, а вартаўнік лобнага месца відаць, а не знойдзеш, бо Z i N (?) пад хамараю (?) гэтай.Спачні, кум і кумава жонка, гной сабачы, з лямантам і людажэрствам да сурмаў анёла (і ў) д’яблавым агні давеку”.Такі прыблізна быў сэнс гэтага страшнаватага ў чымсьці дакумента. Але што такое “хамара” і што такое “Z i N”?Хамара. Слова гучала не па-славянску, хаця і нагадвала наша “камора”. Падобна на старажытнаяўрэйскае? Ці арабскае? Ці грэчаскае? Але ў першых дзвюх мовах я разбіраўся, як… А трэцюю ледзь ведаў. І, аднак, палез у слоўнік. І, дурням шанцуе, знайшоў.Што азначае “скляпенне”: Але што такое Z i N? Што гэта мне нагадвае? Хімічную формулу? Але адкуль у тыя часы хімія і яе формулы? Алхімія – гэта так. То што гэта, што?.. Алхімія… Алхімічны знак?Я пачаў пакутліва ўспамінаць усё, яшчэ не забытае мною, з тых часоў, калі вывучаў вядзьмарскія працэсы, алхімічныя знакі. – золата або сонца. А як беларускі алхімік абазначаў рэторту? Ага, . А спірытус?.. Т-так... – нягашаная вапна.