Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Ладна. Скажам, за кнігу. Адкуль ім ведаць, што яна ў цябе?– Меў дурасць. Выстаўка была ў лютым у публічнай бібліятэцы. Старадрукі. З бібліятэкі, дый з прыватных збораў таксама.– І што?– А тое, – ён усё ж глынуў ахалолай кавы. – Я стаю пры сваіх і тлумачу. Маячыць наводдаль нейкі чалавек. Высокі, год на восем за нас старэйшы, але яшчэ не сівы, цёмны бландзін. Аблічча бура-чырвонае, нібы загарэў, нягледзячы на зіму. Па тыпу і вопратцы – ну, не разбярэш: ці то настаўнік вясковы, ці то старшыня сельсавета. Рукі як быццам не дужа спрацаваныя, але ўсё ж.Мар’ян сербануў яшчэ раз.– І просіць: ці не дазволіце зірнуць? І такая ў яго голасе пачцівасць, такая непадробная павага да сапраўднай вучонасці, так хвалюецца – аж чырванее, – што я дазволіў. Гартае як чалавек. Нават занадта асцярожна. За верхні рог старонкі. Прыглядаўся. Ледзь не чытаў некаторае. Прыемна было, што ёсць людзі, якія хаця й не ведаюць, а цікавяцца, любяць.Ён сядзеў на тахце, на стракатай лельчыцкай посцілцы, і ў паўцемры вадка блішчалі ягоныя вочы. Каву ён дапіў. Пальцамі ўзяў у замок сваё вузкае і моцнае калена.– І вось тут першае, што мне не спадабалася. “І дзе ж вы гэта дасталі?” – “На гары ў аднаго сярод непатрэбных кніг знайшоў”. – “І няўжо гэта прадаюць і купляюць? І вы, можа, прадалі б?” – “Я шукаю… Не шкадую ні вушэй, ні вачэй, ні ног. Купляць такія рэчы ў мяне купіла няма. А прадаваць – таксама не прадаю. Пасля маёй смерці ўсе гэтыя рэчы, за выключэннем некаторых, пойдуць музею майго роднага гарадка”. – “А-а”, – і нейкая такая скутасць у яго рухах. “То чаго б цяпер не прадаць?” Дый пайшоў… Дай – цыгарэту.– Шкодна табе.– Парашковае малако піць шкодна… Не спадабаўся ён мне пад канец… Быццам здаровы нейкі звер з металічным зубам абнюхаў усё, разведаў дый пайшоў… Трэ было б усё гэта ўжо зараз аддаць. Ды не магу. Дасюль не мог. Вышэй сіл было жывому разлучыцца з гэтым. Ты памятаеш, як я ўсё гэта збіраў. Як у Варонцы пад руіны кляштара ў сховішча замаскаванае на чэраве лазіў, як ад селядцоў ратаваў кнігі, як мне мой Мікола дастаўся, на якім дровы секлі, як мяне пад Слонімам у крамянёвай шахце заваліла, як я ўсё гэта растаўраваў, пылам дыхаў, ад хімікаліяў кашляў... Дабро, усё гэтае ад смерці ўратаванае, палюбуюся толькі да лета, дый аддам. Апусцее хата… І не сюды аддам, на пыл у запасніку, а ў свой Руцк. Там яны царамі стаяць будуць. Апусцее хата. Ну, ды гэта мне ненадоўга… Цяпер ужо скора. Дужа скора.– Плюнь. – Не, братка, ведаю. Цяпер скора.– Не курыў бы.– Не магу. Абмяжоўваю сябе, а не магу.Змяў цыгарэту. Прыгожы ён, калі думае. Не тое што мая варажская храпа. І дурніца ж гэная праклятая баба, ягоная былая жонка. Ах, матыль серабрысты! Ах, сю-сю! Ах, славуты Іванскі з гамерычнымі ляжкамі! Ах, Кафка! Ах, сцэна! А сама ані ў сцэне, ані ў Кафцы ані ў зуб нагою. Як скажа, то з поля вецер, са ..... дым. Ганарылася б, што хаця адзін чалавек у сям’і разумны. Я б на яе месцы такога ў пантофель цалаваў, як папу рымскага. Ды яна, чуў, і хацела вярнуцца, але не захацеў ён.– Пасля званок, – сказаў Мар’ян. – Малады інтэлігентны голас (зараз усе інтэлігентныя): “Прадайце”. – “Не прадаецца. Гэта майго музея ў Руцку, а не маё”. І яшчэ падобны званок, іншым голасам. А пасля ледзь не кожную ноч: “Прадайце, прадайце, прадайце”.– Ты што, не ведаеш, як тэлефонных хуліганаў лавіць? – Спрабаваў. Званілі з аўтаматаў у розных канцах горада. “Прадайце! Прадайце!”