Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Не магу. Як нібы зрабіў сваю справу. А тут яшчэ кожную нядзелю пеўні, каровы, коні – ну кліча нешта, і ўсё. Каб яшчэ не раён гэты кляты. А тут бачу – парсючок, пярэсценькі. Я ж, здавалася б, гараджанін, я ж араць не ўмею. А тут – ну хоць бы рыдлёўку ў рукі… Бэз зазелянеў, зямля пахне, тлустая такая. На агрэсце зялёнае воблака… Паеду да Марыны. Там сад, будзем двох корпацца. А ты – толькі цяпер, глядзі, жаніся.Ён меў рацыю. Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр’ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.Да таго як агарадзілі квартал – дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з’ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях, не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад “вёскі”, ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.З таго часу – як я не хаджу на работу і блытаю дні – крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне як дадатковы каляндар.Увосень я абараняю доктарскую. Два месяцы законнага водпуску ды тры нескарыстаных за мінулыя гады. Я дужа рабіў, дужа-дужа многа рабіў, каб вось так, адзін раз, уволю палайдачыць і рабіць тое, што мне хочацца. Кніга выйшла. Амаль да верасня я вольны. Бог мой, ніякіх бібліятэк, ніякіх архіваў, калі толькі сам гэтага не захачу!!!Я лічу, што кароткі адпачынак – глупства. Не паспееш прыехаць, раскруціць вуды, падыхаць – на табе, збірайся назад. Не варта і пэцкацца.І вось цяпер я адпачну. Упершыню, можа, за дванаццаць год. Добра скінуць з тахты ногі, адчыніць у холад акно, прамерзнуць, зрабіўшы два-тры нядбалыя практыкаванні, памахаць рукамі і нагамі (замяняць сапраўдную працу, ад якой звіняць мускулы, гімнастыкай – лухта зялёная і трызненне сівой кабылы). Добра, калі струмені вады сякуць па плячах і спіне! Добра, калі скура чырванее ад суровага ручніка! Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!Добра адчыніць дзверы на пляцоўку свайго трэцяга пад’езда, “пад’езда старых кавалераў”.А, усё адно. Калі абрыдаць, то абрыдаць! Калі апісваць людзей, то апісваць. Бо амаль кожны з нашага пад’езда граў сякую-такую ролю ў нашай гісторыі.У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад’езды. Мой пад’езд трэці. Завуць яго “пад’ездам старых кавалераў” нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гісторыя, і пра яе не трэба ў такую раніцу, калі снег растаў, калі паветра бадзёрае, а неба па-вясенняму нясмела і пранізліва блакітнае.На кожным паверсе ў нас па дзве кватэры. Пачну, вядома ж, з майго паверха. Ён самы важлівы не толькі ў гэтай аповесці, але і наогул. Зямны шар круціцца вакол эгацэнтрызму.