Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку. Мянушка ягоная – “палкоўнік у цывільным” (мая чамусьці “Тоха”, так называюць нас усе фраеры двара).Хто ён? Не ведаю. І ведаю гэта лепей за іншых, бо ён некалькі разоў, ведаючы пра мае “гістарычныя дэтэктывы” і, магчыма, чытаючы іх, расказваў мне розныя выпадкі з мэтаю, што вось бы мне тое і напісаць ды зрабіць, бо пішуць і робяць нецікава і мала. А я не мастак на такія справы, то я адмоўчваўся.Я гляджу на яго не так, як суседзі. Мне ён здаецца гэткім “Абелем у адстаўцы”.Можа, яно так ёсць на самай справе? Хто ведае? Я яго не пытаю.І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату – на горшую недзе выменяў: “Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі”.Гэта адзіны мой друг на пад’езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну – і зноў няма.Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі – такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш. Англіец? Нарвежац? Але падобен на дужа выцягнуты трохкутнік – плечы шырокія, а клубоў амаль зусім няма, і ногі пры хадзе, каб не парушыць гэтага трохкутніка, заўсёды ставіць блізка адну да адной.Апрануты заўсёды бездакорна, ды яшчэ й з доўгай люлькай у зубах: “Містэр Сміт на Бобкін-стрыт”. І толькі на паляванні, ці рыбалцы (ездзілі некалькі разоў), або ў кватэры, дзе няма старонніх, усё гэта замяняецца тыпова славянскай, мала таго, беларускай разбоўтанасцю. Сон дзе папала: куцавейкаю ля вогнішчаў, пяцьсот разоў “лісіцу” спаймаў; стаптаныя чобаты – лата на лаце. І ўсё адно, нават у лахманах, – фацэт, нічога не скажаш. І азартны, зараза. Аднойчы, калі бесталковы сабака шукаў у другім баку, проста сам, ва ўсёй амуніцыі, з чаўна ў ваду скочыў. Па качку.Знаёмства наша пачалося з балбатні ў двары. Гаварылі ўсе нешта пра чалавечыя захапленні. Ён маўчаў, ну я і вырашыў спытаць яго, а якое ў яго хобі.– Бабачкі, – адказаў ён не толькі сур’ёзна, але й змрочна.– Матылі? – Я з вамі па-беларуску гавару. Жанчыны.Нічога сабе манера жартаваць. На самай справе хобі ягонае – гравюры і кнігі. Частка знікла ў той час, калі гаспадарку вяла адна сястра, але нават тое, што засталося, здзіўляе. Багацюшчы кнігазбор: гісторыя права, філасофія, біялогія асабліва. Хрыбта гэтага падбору я, шчыра кажучы, так і не здолеў намацаць.Пасля бібліятэка тая папоўнілася, ды яшчэ з’явіліся на сценах розныя егіпецкія, інданезійскія, афрыканскія рэчы.Сястра і зараз прыходзіць са сваёй кватэры, дапамагае весці гаспадарку, прыводзіць і сваю хатнюю работніцу. Раз на два тыдні. Астатняе робіць сам. Ён гэта ўмее лепей, чым я. Уладкавацца паўсюль з максімальным камфортам.