Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Пра сябе гаварыць ён не любіць. Аднойчы толькі выплыла сёе-тое наверх. Глядзелі мы “Іванава дзяцінства”. Геніяльны фільм. Справа, відаць па ўсім, адбываецца на Беларусі. І хлопчык з Беларусі. Вось там гэты хлопчык і задае пытанне, нешта накшталт: “А што такое Трасцянец, ты ведаеш?” Тут я і адчуў, як яго скаланула.Ну, пра яго пакуль што досыць. Пачнем зверху. На пятым паверсе тры майстэрні мастакоў. Хто яны дома – не мне меркаваць, але, на маю думку, у майстэрнях сваіх усе мастакі – кавалеры, за выключэннем, магчыма, цалкам сумленных ды дурняў, што, можа быць, адно і тое ж. Калі паўз мае дзверы коціцца запознены вал спрэчкі або раніцай ціха пазвяквае шкло ў чамадане, я ведаю, гэта альфа і амега маіх мастакоў.На чацвёртым паверсе жыве ўдавец Кяневіч з падлеткам-сынам, не дужа цікавы чалавек, а насупраць яго, з мамаю, Росцік Грыбок, чалавек дваццаці аднаго годзіка.Грыбок з аднаго ведамства з прыяцелем Хілінскага, палкоўнікам крымінальнага вышуку Андрэем Арсенцевічам Шчукам, які почасту заходзіць да Хілінскага гуляць у шахматы (тады той з нас, хто прыйшоў пазней, вымушаны капацца ў бібліятэцы). Яшчэ яны ездзяць разам на паляванне і рыбалку, і часам да іх прыядноўваюся я. Таму што мы ў нечым падобныя. І паляванне, і рыбалка, і патрэбнасць вечна ні з Дняпра, ні з поля дасціпнічаць.Так што ў нас поўны давер і адноснае веданне адзін аднаго.Хілінскі сам захацеў жыць менавіта ў гэтым доме і Грыбка (проста любіць яго) перасяліў за сабой. А мо проста так.Грыбок ніякі не грыбок, а здаравенны грыбіна, хаця і зусім малады, свежанькі, крамяны. А ўсё ж грыбок. Па цвёрдых (так і хочацца мне заўсёды ўшчыкнуць) шчочках, па цёмна-карычневых вачах, па агульнаму адчуванню чысціні, баравой яснасці і лёгкай, па ўзросту, ну… бяздумнасці, ці што.Ну, давайце спускацца з маёй пляцоўкі разам са мной. Лёгкае рэха крокаў па прыступках.Другі паверх. На ягонай пляцоўцы жыве лекар, да якога я, дзякуй богу, яшчэ ніколі не хадзіў і хадзіць не хачу і вам ніколі не раю, і няхай ён увогуле застанецца без працы і гладыёлусы разводзіць. Бо ён псіхіятр і, здаецца, працуе ў доме вар’ятаў. Калі я сустракаю яго, мне заўсёды хочацца заспяваць маскоўскую песеньку:Балалаечку своюЯ со шкафа достаю,На Канатчиковой дачеТихо песенку пою.Вижу – лезет на забор Диверсант, бандит и вор,Я возьму свою гранату

И убью его в упор.Комплекс гэта нейкі, ці што?У гэтага чалавека ў дзвярах ёсць вочка, якое ўставіла адна з жанчын, што часам прыязджаюць да яго. Мне ўвесь час здаецца, што гэта ён пабойваецца масавага візіту сваіх пацыентаў на дом. Імейка ягонае, да вашага ведама, Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі. Калі б такое мне – я б ажаніўся з Жаклін Кенэдзі. Не, не ажаніўся б. Бо з ёю, як казаў адзін мой знаёмы, ужо “ажаніліся дзве гэтыя старыя балканскія малпы. А я лепей ажанюся з… Мерлан Мурло”.Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г.д.“Чорт яго ведае адкуль такое, – сказаў ён. – Пра свайго прадзеда толькі й ведаю, што імя. Інтэлігентны. Мабыць, з лапцявой шляхты. Гонар, пэўна, вось і ўся музыка. Грошай няма, то давай паболей прозвішчаў”.А вось і ён сам. Выключна складзены, з пародзістым бронзавым абліччам, нібы сярэдневяковы кандацьер з медаля. Хвалістая грыва срэбных валасоў, рот з цвёрдым прыкусам, шэрыя вочы глядзяць пільна. Рэдка мне даводзілася бачыць прыгажэйшы мужчынскі твар. І разумнейшы таксама.