Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Зеляпушчанак… Мікола Чэсевіч.– Косміч. Антон Глебавіч.– Дык вы да нас? Хадзем разам.– Вячорка, да заўтра, – сказаў нехта нам наўздагон.– Чаго гэта яны так? – спытаў я, калі мы заглыбіліся ў цемру.– Ат. Гэта яны па-вулічнаму. Паважаюць, а адвыкнуць не могуць. Паважаць, здавалася б, няма за што. Шэсць класаў у мяне асветы. Але ў нас не толькі кіно і танцы, а і лектары, і па два спектаклі ў месяц. Вядома, пад суфлёра.Я быў вельмі рады спадарожніку. У гэтым цямноцці рысь пераламала б усе чатыры лапы, а я да раніцы абавязкова б трапіў назад у Кладна, а тут спакойна ішоў сабе побач з маленькім чалавечкам, які ўпэўнена каціўся наперад. І было зусім не так і кепска, бо пахнула вясной і не зусім яшчэ прасохлая зямля спружыніла пад нагамі.– То чаму б вам не падвучыцца?– Э-э, дзе там. І гаспадарка, і клуб. Жонка рукі на рабоце сцерла. Часта аж стогне на печцы. Ды на маё месца сюды і мёдам не прывабіш і на ланцугу не прывядзёш.– Чаго так?– Месца глухое. І – чартаўшчына нейкая ў нас у наваколлі завялася. Сам бы зароў ды збег некуды, дык няма куды. Ну, але нічога.– Якая чартаўшчына?– А самі пабачыце… Ну, не думайце, што ў нас там так ужо кепска. У нас там замак, касцёл – прабачце, вядома – з плябаніяй, млын, ссыпныя пункты, філіял клуба. Вось пачнуцца работы, народу прыбудзе – будзе ён функцыяніраваць і там тры дні на тыдзень. Тады хоць разарвіся. Не, месца ў нас добрае, але ўсё прыгарад… А вы сюды чаго?Я сказаў, што буду даследаваць замак.– Замак у нас-с ог-го. Недагледжаны толькі. У нас яго ўжо тыдні два як даследаваюць. Навука! Археолагі. Дзяўчына кіруе. Ды ладненькая. Худая толькі. Нічога. Як кажуць, дзеўкай поўная вуліца, а жонкай поўная печ.– А дзе б там спыніцца можна ў вас?– Ды, на першы выпадак, хаця б і ў мяне. На пару дзён.– Чаму так?– А далей вам наўрад ці самім захочацца. Бо… я Вячорка. Бацька мой быў Вячорка. І дзед. Што казаць, люблю бяседу. І не тое там каб бойка ці лаянка – такога я сам выкіну. А бяседу абшчэнія срэдзі людзей.Не, усё ж добра “абшчацца з людзьмі”. Я ішоў і пасмейваўся сам сабе. Добра мне было і пасля, калі зразумеў, што агеньчыкаў Альшанкі не было відаць проста таму, што парк быў такі густы, і гэта ён, нават яшчэ голы, закрываў іх, і што агеньчыкаў тых няшмат, і што чуваць рознагалосы брэх сабак, і што хата Вячоркі такая ўтульная з сярэдзіны, беленая, з ручнікамі, з печчу і газавай плітой у трысцене, з трыма пакоямі і бакоўкай з асобным уваходам, куды гаспадар з жонкай, Марыяй Сямёнаўнай, мажной смяшлівай кабетай, адвялі мяне.

РАЗДЗЕЛ XІдылія ў кантрастахРаніцай, калі я, паснедаўшы, выйшаў з хаты, дык ажно ахнуў, настолькі ўсё вакол было хораша. Невялікая, двароў на пяцьдзесят – семдзесят вёсачка, “прыгарад”, шырока раскінулася па схілах акруглых мяккіх узгоркаў і патанала ў садах, дзе ўжо зялёнымі хмарамі марылі хмызы агрэсту. Нешырокая рачулка дзяліла гэтыя дзве грады ўзгоркаў і самую вёску. Яна змяілася, гэтая рэчка, хутка знікала з вачэй і злева і справа, і таму не адразу можна было зразумець, адкуль далятае пляск вады на млынавым коле. Справа, далёка, відаць было ссыпныя магазіны.І гэтыя зялёныя ад моху дахі, і ледзь прыкметны зялёны налёт на галінах дрэў. І гарлавое, лянотнае гарланне пеўняў, і зямля гародаў, чорная, ільсняная, якая аж паравала пад свежапабеленымі стваламі яблынь. І дзве вежы касцёла наводдаль.І над усім гэтым сіняе-сіняе глыбокае неба, якім аж хацелася дыхаць.