Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Найперш я пайшоў да касцёла, бо першы кінуўся ў вочы. Дый хто ведае лепей гісторыю таго ці гэтага месца, як не настаўнік гісторыі і не ксёндз.Касцёл быў магутны, з дзвюма высачэзнымі вежамі. Тое велікапышнае і адначасова простае беларускае барока, якім яно было на пачатку XVII стагоддзя. А можа, на самым канцы XVI. На адной з вежаў быў “дзыгар” – каляндар-гадзіннік, які, на маё здзіўленне, ішоў.Дзверы касцёла, нягледзячы на будзённы дзень, былі адчынены. Убаку, пад разложыстымі старадаўнімі дрэвамі, стаяў матацыкл. Я падумаў, што гэта цывілізацыя і што вось нехта здорава ўмудрыўся падкаціць на ім пад самы касцёл свенты.У дзвярах з’явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Уленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.– Чы тутай ест пан пробашч?І тут загучала чысцейшая – у тэатры Купалы пашукаць – беларуская мова:– Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?– Косміч Антон.– Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?– Ойча…– Які я вам “ойча”? Я быў і ёсць заходнебеларускі просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.– Гм. Добра, хаця дакументы ёсць, – на маё здзіўленне, ён узяў іх і ўважліва разгледзеў. – А то за апошні час чагосьці дужа многія зацікавіліся гэтым няшчасным замкам… якога, магчыма, скора зусім не будзе.– Чаму?– Даб’юць людзі, калі не дабіў час.– А што?– Збіраюцца бурыць кавалак мура. Будуць рабіць двор для быдла.– Гм. Нават калі двор для быдла, – Жыховіч няўхвальна пакасіўся на мяне, але ўбачыў, што я ўсміхаюся, – то што, брамы няма?– Ёсць. Вузкая. А на выпадак пажару, прабачце, правілы пажарнай бяспекі прадугледжваюць два ўваходы. А касцёл глянуць не хочаце?– За тым і прыйшоў.Зайшлі. Ксёндз прысагнуў калена. Я, вядома, не.Продкі не кленчылі. Проста заходзілі, думалі, колькі ім трэба, і зноў выходзілі да жыцця.Вялізная пячора касцёла была тое, што завецца “змрок, напоены святлом”. У нефах паўцемра. Пад скляпеннямі, на алтарнай частцы, на калонах – радаснае і ўзнёслае святло. На роспісах, разьбленні, шматлікіх фігурах.Не маю тут змогі апісаць усё багацце старажытных абразоў. Некаторыя з XIV стагоддзя. Не магу апісаць і запісаў, якія зіхацелі цёмнай і светлай барвай, жоўтым і глыбока-сінім. Нельга апісаць і цудоўнай, старой дыспрапорцыі фігур алтара. Пра гэта нельга.Калі мы ўлезлі да аргана, які матава свяціўся чорным, залатым, крыху ржавым і прыглушанай зеленню, ксёндз раптам сказаў мне:– Гэта яшчэ што? А вось калі з карніза глядзець – галава закружыцца ад прыгажосці.Карніз апаясваў знутры, з трох бакоў, увесь храм, вісеў на вышыні метраў васемнаццаці, меў лёгкі схіл уніз і шырыню сантыметраў семдзесят.– Хадзем, – і Леанард Жыховіч лёгка пералез цераз балюстраду хораў, пайшоў, як па дарозе, па гэтым кашмары.– Не дрэйф! – сказаў я сабе і літаральна адарваў руку ад балюстрады. А пасля ўжо было ўсё адно. Я глянуў уніз, убачыў фігуркі людзей, з мезены палец, і фотаапарат адчувальна пацягнуў мяне ўніз. Ксёндз ішоў наперадзе і даваў талковыя, выразныя і ўразумляльныя тлумачэнні. Ён, здавалася, зусім не думаў, што іншы можа ісці па гэтым мосце ў пекла зусім не як па дарозе: