Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Бачыце, волхвы! Які каларыт!.. А Маці Божая – гэта ж цуд! Якая прыгажосць! Галава кружыцца!У мяне сапраўды кружылася галава ад “гэт-кай прыгажосці”! Я стараўся толькі ліхаманкава не чапляцца за мур, ды гэта і не ўдалося б, бо ён плаўна пераходзіў у паўкола скляпення.Калі я ўрэшце вылез зноў на хоры і зірнуў на маленькіх, бы ў перакулены бінокль, людзей унізе, я адчуў, што яшчэ хвіліна і я стану мокры, як мыш.– Ну як? – трыумфальна спытаў Жыховіч.– Цудоўна! – сказаў я. – Wunderbar. І часта гэта вы так “развлекаетесь”?– А што? – нявінна сказаў ён. – Голуб часам заляціць, б’ецца – нельга ж, каб разбілася божая істота. Ідзеш адчыняць акно.– Нельга, каб разбілася божая істота, гэта верна, – сказаў я, глянуўшы ўніз.Калі спусціліся ўніз, у сонечную паўцемру, мяне ўсё яшчэ нібы пагойдвала. Калісьці, падлеткам, я зусім не баяўся вышыні, мог сядзець на даху пяціпавярховага дома, звесіўшы ўніз ногі. Але “да яснай халеры”, як кажуць палякі, ногі ў трыццацівасьмігадовага зусім не такія, як у васемнаццацігадовага.– Што вас яшчэ цікавіць? – спытаў ксёндз.– Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі.– Той?– Той. Што то быў за чалавек?– Слуп веры. Шмат што для яе зрабіў. У прыватнасці, гэты касцёл.– Словам...– Словам, ледзь не блажэнны.– Beatus?– Beatus.– А што то за легенда пра ягоную жонку?– А, і вы чулі? Змова Валюжыніча і ўцёкі?– Легенда шырокавядомая.– Што ж, няўдзячная жанчына. Як многія з іх. Нездарма яе біскуп Геранім з Кладна папракаў. Уцяклі, скарб пабраўшы. Суддзя Станкевіч (а вы ведаеце, тады суддзя почасту быў і следчы), сярэдневяковы беларускі Холмс (а ён быў чалавек для тых часоў гуманны, катаванні, рэч тады звычайную, прымяніў толькі два разы ў жыцці), пагоню спыніў, а тады і сам магнат пакаяўся, што быў у гневе.– Але ж казалі...– І ён і людзі на Евангеллі кляліся, што ўцекачы жывыя... Шкада, скончыўся род. І апошні з іх павёў сябе не найлепшым чынам. Удавец, дзеці памерлі – яму б пра бога думаць. А ён...– Што ён...– Зблытаўся з немцамі, – коратка кінуў ксёндз.– Як?– Ну не з гестапа. Тут шэфам Кладзенскай акругі гестапа быў такі... а, ну яго. Дык Альшанскі звязаўся з імі толькі пад самы канец. А тут камрадамі яго былі камендант Альшан, граф Адальберт фон Вартэнбург, ды з айнзацштаба Франц Керн. І гэта горш, чым з гестапа.– Так, у поўным сэнсе горш.– Чаму згадзіліся з маёю думкай?– Гэта ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Набыткаў людскога генія за стагоддзі.– Так. І ўжо чаго яны ў Кладзенскай акрузе ні нарабавалі! Толькі вось Альшанскі цэлы быў. Аж пакуль у маі сорак чацвёртага не пачала гуляць па загаду Гімлера “kommenda 1005”, заціранне слядоў злачынства, “акцыі санітарныя”.– І што тады?– Тады палац Альшанскага разам са скарбамі згарэў. А сам ён прыбраўся з немцамі. Па чутках, неўзабаве памёр... Ну гэта ён адзін такі быў... А нагробак таго Альшанскага – вось ён.На высокім, метры ў два вышынёю, ложы з дужа-дужа рэдкага зялёнага мармуру ляжаў у паставе спячага чалавек у латах. Меч ляжаў пры баку, шалом адкаціўся набок. Магутная пастава, шырачэзныя грудзі, доўгія зграбныя ногі. Твар мужны, бровы нахмураныя, рот цвёрда сціснуты, але нейкая такая складка ў гэтых вуснах, што не хацеў бы я з ім звязвацца пры жыцці, і добра, што гэта мне не пагражае. Рассыпаліся буйныя валасы.І кагосьці мне нагадвае гэтая статуя. З тых, каго бачыў у жыцці. Крыштафовіча, які выратаваў мяне тады пад Альберцінам? Не, у таго твар быў мякчэйшы. Кагосьці з артыстаў? Габена? Не, у гэтага аблічча не такое простае, хаця такое ж суровае. Жана Марэ? Падобна. Або кагосьці з гістарычных асоб? Медычы? Калеоне? А, усе надгроб’і досыць падобныя адно на адно. Як большасць сяредневяковых статуй. Нягледзячы на некаторыя індывідуальныя рысы. Бо заказчык або нашчадкі хацелі бачыць у творы, у сваім партрэце нешта, акрэсленае самой эпохай.