Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Мы выйшлі, я зірнуў на касцельную галерэю. Якраз у гэты момант пачаў мякка біць “дзыгар”.– У вайну стаяў, – сказаў ксёндз. – Але я, прыйшоўшы сюды, вырашыў адрапараваць. А рапараваў наш арганіст. Механік хоць куды. І нават каляндар працуе. Ну, пра сёе-тое не здагадаўся. Механізмы ж зусім не тыя. Месячны каляндар хлусіць, невядома якія там валікі-малаточкі і чамусьці увагнутыя люстэркі. Тут і Галілей не разабраўся б.– Я, на жаль, таксама. Прафан. Ну і як арганіст?– Выключны. Рэдкасць гэта – здабыць добрага арганіста. Толькі...– Што?– Часам гарэзнічае. Узяў аднойчы і сярод імшы “Лявоніху” разануў... Ну, а дзе іншага ўзяць?– Н-на, вясёлы ў вас касцёл.– Бываюць весялейшыя, – ён гукнуў касцельнага і аддаў нейкія распараджэнні.Мы падышлі да чырвонай “Явы”. Ксёндз спрытна адкінуў падножку.– Ваша?– Так, – ён ўбачыў маё здзіўленне. – Вось і адзін мой цывільны... гм... здзівіўся і паўшчуваў. “Што ж гэта вы так свой аўтарытэт падрываеце? Ксёндз. Ну, чаму матацыкл?” А я яму: “Таму, што грошай на машыну не хапае”.– Дзе тут замак?– А унь, цераз роў. Я не пайду з вамі. Брыдка часам глядзець.Матацыкл затрашчаў і вокамгненна знік з маіх вачэй. Я пакруціў галавою і пайшоў у бок замка.Зелянела трава. Мяккія, ужо жывыя, удзячныя вясне дрэвы рыхтаваліся да вялікай сваёй штогадовай справы: прабіць пупышкі, выпусціць лістоту, даць свету і людзям зелень, прыгажосць, кісларод, літасціва прыбраць з паветра тое, што надыхалі людзі са сваімі заводамі, а пасля пажаўцець ад гэтага і ад блізкага подыху зімы і, нічога не патрабуючы ўзамен, пакорліва, ціха і рахмана апасці долу. Але да гэтага яшчэ далёка, але якія радасныя ў прадчуванні гэтай працы былі дрэвы старажытнага, запушчанага, парадзелага дрэвамі і пагусцелага хмызамі парку, які даўно стаў падобны на лістоўны лес з ліпамі, таполямі, пагрозна ўзнесенымі патрыярхамі-дубамі і з падлескам ляшчыны, крушыны, глогу, парэчкі, перавітым ліянамі хмелю і калючым ажыннікам.Было дзіва як хораша.Бліснула наперадзе яшчэ чыстая, непазелянелая вада (гэта прыйдзе пазней, з цеплынёй): рэчка не рэчка, а хутчэй рукаў рэчкі, ператвораны калісьці ў роў. Лядашчы мосцік ляжаў над вадой. І тут я спыніўся, нібы мяне нехта ўдарыў.Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы), крыху-крыху толькі ў пражоўць, цёмна-свінцовага, амаль чорнага колеру.Замак. І які пагрозны, пачварны замак!І не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча.Ясна, што парк быў пасаджаны пазней, калі замак перастаў быць замкам, а стаў палацам, хай сабе і невыгодным, але прыдатным на тыя часы, і ўсё адно ўражанне было сапраўды ўразлівым, нібы чалавек падышоў да гушчару і раптам убачыў там разверстую ў рыку пашчу льва.І гэта было так, таму што я ўбачыў проста перад сабой цёмную і дужа нізкую арку брамы.І гэта была брама-праём, брама-тунель, брама-ўваход ў пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі.Нават з нейкім трымценнем набліжаўся я да гэтай пашчы. І тут убачыў, што мур з абодвух канцоў замыкаюць дзве кутнія вежы. Пяць граняў знадворку. Шостая, відаць, выходзіла ва ўнутраны двор. Мур вышынёй метраў дзесяць – дванаццаць даходзіў вежам да пояса, да байніц сярэдняга бою. Вежы былі пустыя і часам свяціліся гэтымі байніцамі. Дахі на вежах спічастыя, і засталіся ад іх амаль толькі кроквы ды латы і толькі сям-там чарапіца.