Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Замак разбiлi год дзвесце таму тагачасныя фашысты.Я iшоў брамаю-тунелем. Ага, праёмы пад завалу знешнiх, надворных, варотаў. Ніз тунеля, як і ўвесь, вiдаць, замкавы нiз, выкладзены цыклапiчнымi неабчасанымi валунамi. Сляды ўнутраных варот. Божа, даўжыня тунеля метраў пятнаццаць! Няўжо такой таўшчыні муры? Не, проста, вiдаць, над тунелем было памяшканне.І святло. Што ж, планіроўка простая. Квадрат. Кожны бок метраў па сто дваццаць. Злева тры вежы і справа. Насупраць, калі не лічыць дзвюх бакавых, яшчэ дзве, разам чатыры. А ўсяго, значыцца, па перыметры, восем. Мур збольшага, трэці на дзве, збярогся, сям-там развалены амаль данізу, але ўваход калісьці быў толькі адзін. І па перыметры муроў (таўшчыня, там, дзе развалена, на вока метра паўтара-два) рады вокан жылых памяшканняў. Вокан і дзвярэй. Так, дзвярэй, бо там, дзе муры не развалены, абкружае іх каменная галерэя, дзе закрытая аркамі і дахам, а дзе і адкрытая, унь, злева і там, дзе збераглася, проста перада мной. Там калодзеж. Справа, калі зірнуць за мур, над верхавінамі дрэў, вежы касцёла і “дзыгар”.Але і тут, усярэдзіне, унь, у левым далёкім куце, відаць рэшткі капліцы.Фасады замка бедныя, а тут, там, дзе сценка жылога памяшкання ўпала, відаць, што ўнутраны дэкор быў багаты.Верхнія паверхі некаторых вежаў былі, відаць, таксама жыллём. Унь ляпніны на столях, унь віюцца сляды дымаходаў.“Ах, ёлупень! Ах, бесталач, асталоп, паўдур’е, медны лоб, ёлуп хвашчоўскі! Ты правільна, бо змяя віецца і вінтавая лесвіца віецца, вырашыў навіваць пергаментную стужку на нейкі прадмет. І не стукнула ў мякінную тваю галаву, чаму “дымам”?Вось чаму. Унь яны віюцца, твае дымаходы. Іх назнарок часам рабілі такімі. Нават знадворныя коміны часам завівалі, каб дым з іх выходзіў калечкамі або вінтом. Яшчэ адно адрозненне, яшчэ адна магчымасць пакуражыцца перад іншымі не толькі шпіцамі і флюгерамі, рэшткі якіх відаць ужо там і сям, але і дымам. І гэта ж не ў адных Альшанах. У, медная твая конаўка!”На-а, замак. І ясна ж, што ёсць тут і патайныя калодзежы, хады, сховішчы, склады, студні, сутарэнні (ясна ж, арчастыя), лабірынты пераходаў, каменныя мяхі. Іначай які ж гэта замак? Што мы, горшыя за іншых? Цікава будзе тут пашукаць-папоўзаць.На першых паверхах памяшканні ніжэйшыя, там, дзе муры развалены, відаць, што скляпеністыя: дом у разрэзе. Жыла там, пэўна, варта ды прыслуга. Вышэй былі залы, высокія, з лепкай, нішамі для посуду. А унь камін. Мабыць, ёсць і патаемныя сходы, ясна ж, таксама вінтавыя. Што ж, палазім хаця ў прыёмных залах для гулянак-папоек, хаця нічога там няма, а ёсць толькі пройма, павуцінне, вільгаць і пыл.Толькі тут я апусціў вочы і разгледзеўся па двары. І добра зрабіў, бо давялося б абціраць туфлі.Відовішча было ахавае.Я заўсёды абураўся свінскім адносінам да большасці старых будынкаў. Чаму свінарнікі чамусьці ў большасці любяць змяшчаць у старажытных фальварковых абсадах, калі там самае месца для клуба, раддома, бальніцы, стадыёна, спортпляцоўкі. Зялёныя шаты, цень, кісларод. Але гэтыя ўстановы чамусьці стаяць на пустыры. А вакол пруцікі новых пасадак.Разбілі касцёл у Варончы – які клуб і які сад побач, якія раскошныя двухсотгадовыя алеі! Магутнае, спявучае, пышнае барока касцёла ў Шчорсах. Які музей (а музей вясковы побач, у цесным памяшканні)!Апраўданне знаходзяць у словах адной асобы, што трэба будаваць новае, а парахня (муры ў паўтара метра таўшчынёй) няхай рассыпаецца, хаця прыстасаваць “парахню” пад нешта бывае лягчэй, чым пабудаваць новае, якое часам, калі ёсць “парахня”, можа крыху пачакаць. Хай сілы і грошы будуць аддадзены яшчэ чамусьці.