Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Што ж, і асоба была добрая свіння, і тыя з “апраўданнем”. Я звыкнуў ставіцца да гэтага больш-менш спакойна.Але тут нават мяне стукнула. Двор быў літаральна завалены розным ламаччам і хламам і тым, што было калісьці высокакаларыйным беларускім сенам. Словам, каровіны праснакі і авечы боб.А проста перад сабой, між першай і другой вежамі справа, я ўбачыў натоўп. У адным месцы мур быў даламаны амаль да зямлі на шырыню прыблізна трох метраў, а побач, на вышыні метраў чатырох, некалькі юнакоў з ламамі ў поце аблічча працавалі, разбіваючы цамянку: відаць, хацелі пашырыць пралом.Я падумаў, што гэта марныя штучкі, што тут і шар-баба не дужа б дапамагла і што той, амаль скончаны, пралом зрабілі не людзі, а час. Але тыя стараліся, што наверсе.Цэнтрам была група людзей. Адзін у сінім падношаным гарнітуры і ў ботах меў аблічча чалавека, які звыкнуў і падпарадкоўвацца, і загадваць, аблічча валявое і жарсткаватае, грубавата-часанае. Па пагляду старшыня калгаса, як яно пасля і выявілася. Было яму год пад пяцьдзесят, і быў ён здаровы, як конь. І змякчала выраз яго твару толькі гумарыстычная складка ў краёчку вуснаў. Не спадабалася мне толькі, што быў ён з чубком, як у бедалагі-нябожчычка фюрэра. З некаторых часоў я больш за ўсё на свеце не люблю такой прычоскі ды яшчэ вусікаў падобнага тыпу, якіх у чалавека, на шчасце, не было. А то б я зрабіў нешта несамавітае. Напрыклад, запусціў бы ў яго апаратам.“Гаспадар. Тым больш што і пасёлак сельсавета тыпу Альшаны ляжыць на тэрыторыі калгаса”.Побач з ім стаяў з партфелем у руцэ чалавек невысокага росту, таксама год пад пяцьдзесят, але зусім іншага тыпу. Твар шырокі, пасечаны дробнай сеткай зморшчын. І на гэтым твары цёмныя ўважлівыя вочкі. Чорная кароткая стрыжка, вялікія, нібы ў Буды, вушы. Ад яго на адлегласць у пятнаццаць сажняў прыемна тхнула перагарам, і, мабыць, таму твар ягоны быў дабрадушны. Тое, што называецца “вясёлы з пахмелу”. Быў ён прысадзісты, крыху сагнуты і махаў рукамі, не выключаючы той, з партфелем, больш за ўсіх.І яшчэ адзін кінуўся мне ў вочы. Убаку сядзеў на траве, на касагоры, магутнага складу і не менш чым сажнёвага росту чалавек з шырокім абліччам. Чорныя крылатыя бровы, сінія вялізныя вочы, арліны нос, гожы шырокі мужчынскі рот. Аблічча надзіва інтэлігентнае, хоць на прафесарскую кафедру, але нейкае трывожнае і дзікаватае, не такое, як у звычайных людзей.Аб тым, што гэта не прафесар, сведчыла толькі тое, што быў ён апрануты бедна: у паркалёвай расхрыстанай на грудзях сарочцы, картовых чорных портках, запраўленых у ялавыя старыя боты.Чалавек насіў кепку казырком назад (пасля я даведаўся, што гэта адна з яго заўсёдных адзнак, нават калі ён не быў у мучным пыле, а не хвілінны капрыз), і вакол яго круціліся дзесяткі два сабак усякага росту і масці і пераважна дрэннай пароды.– Тут, ці што, сутарэнні? – даляталі галасы.– Тут паўсюль сутарэнні. Як бы катора не правалілася.– Не. На вякі будавалі. Лупась, хлопцы.І тут я адчуў, што нешта мяняецца. Да групы дбайнікаў набліжалася два чалавекі ў атачэнні чародкі дзяцей і падлеткаў чалавек на дваццаць.Наперадзе крочыў невысокі худы мужчына ў дужа акуратным чорным гарнітуры і белай сарочцы з чорным гальштукам. Аблічча вясковага інтэлігента, простае і нічым не адметнае, хіба што шнарам, які перасякаў левае брыво. За акулярамі разумныя і раздумлівыя вочы. Валасы моцна сівыя на скронях.