Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Другі быў высокі і плячысты і вельмі нагадваў нейкага амерыканскага каўбоя з фільмаў пра дзікі Захад. Саламяныя валасы, аблічча, прадубленае сонцам і ветрам да адцення цёмнага золата. Шырокі і высокі лоб, нос просты і нядоўгі, рот цвёрды, шчокі прыемна праваленыя.І ўсё гэта асвятлялі вочы такой глыбокай сіні, што рабілася радасна на душы.– Стой! Што вы гэта робіце? – яшчэ здалёк крычаў “каўбой”. – Якое ... па якім праве?– А ты не будзь у гарачай вадзе купаны, Змагіцель, – сказаў чалавек у сінім гарнітуры. – Трэба – значыць трэба.– Вы, Нічыпар Сяргеевіч, хаця і старшыня калгаса, – сказаў інтэлігент, – а і вам бы не шкодзіла ўсё ж паразважаць крыху над тым, што вы робіце.– А вы мне, Рыгор Іванавіч, таварыш Шаблыка, не ва ўсіх выпадках загадвайце, як мне гэтым калгасам кіраваць і што і як мне на яго карысць рабіць.– Небяспека супрацьпажарная патрэбна? – спытаў той, з партфелем, і “наставіцельна” ўзняў палец. – Патрэбна. Другі выхад патрэбен? Патрэбен.– Ды чаму тут гарэць? – спытаў нехта.– Не кажыце. І камень часам гарыць. І стрэльба раз на год сама страляе.– Гэта помнік, – спакойна сказаў Шаблыка. – Помнік культуры, помнік гісторыі нашай. І потым, хто вас прымушаў у ім загон для быдла рабіць? Зрабілі б убаку.– На гэта затраты трэба, – сказаў апартфелены.– Помнік. Пад аховай, – тлумачыў Шаблыка.– Які помнік? Адкуль відаць, што помнік?! – пачаў нервавацца чалавек з партфелем.– Вы не нервуйцеся, Тодар Ігнатавіч, – сказаў Шабыка. – Вы бухгалтар, вы можаце і не ведаць, што гэта – другая палова XVI стагоддзя.– Адкуль відаць?– Дошка была.– Дзе яна, дошка? – спытаў Тодар Ігнатавіч.– Здзерлі дошку! – узвіўся раптам крыкам “каўбой”. – У бур’яне яна валяецца! А ўсё ты, канторская скрэпка! Ты, Ганчаронак! Ты, чарнільная твая душа! Ты людзей падцкоўваеш, нібы гэты замак галоўны твой вораг.– Ціха, Міхась, – сказаў яму Шаблыка, але “каўбой”, відаць, зусім не ўмеў сябе трымаць і ўжо зусім азвярэў.– Скардзіцца на вас будзем. А табе, Ганчаронак, я дам дыхту. Я цябе неяк так прыму ў кулакі, так з морды мяса...Вочы Ганчаронка былі б страшнаватыя, каб не былі такія дурныя.– Я, між іншым, не толькі бухгалтар. Я і член пасялковага Савета.– А-а, – іранічна працягнуў Шаблыка. – Ну-у, калі член пасялковага Савета – тады абавязко-ова трэба бурыць.– Ды супакойцеся, – сказаў старшыня.– Вы яго паклічце да спакою, Альшанскі, – сказаў старшыні Шаблыка.“Альшанскі? Адкуль Альшанскі? З тых? Ды быць не можа. Апошні з немцамі ўцёк і памёр. Ідыёт. Мала, ці што, Альшанскіх. Адзін Гаўрыла ў Полацку?”– Кажу вам, зрабіце загон наводдаль, Альшанскі, – сказаў Шаблыка. – Іначай будзем скардзіцца.– Ну і валіце, – сказаў старшыня, – вам жа горай будзе.– Ты!Ты! – узбеляніўся “каўбой”. – Змагіцель. Ты... віслюк.– Пра новае думаць трэба, – сказаў старшыня, не пакрыўдзіўшыся на “віслюка”, бо не зразумеў.Я ўсміхнуўся. Я добра ведаю ўкраінскую мову і ведаю, як часам зручна абазваць другога такім чынам. Тыпова беларуская хітрынка. Спецыяльна ўжываць у якасці лаянкі замест нашай – лаянку з іншых славянскіх моў. І душу адвёў, і аблаяў, а той ніц не ўтаропае.“Віслюк” па-ўкраінску – “асёл”.– Так! Сапраўдны віслюк! Толькі віслюкі робяць такое.Затое Ганчаронак Тодар Ігнатавіч, бухгалтар і член пасялковага Савета, чамусьці асабліва пакрыўдзіўся на, відавочна, невядомае яму слова “віслюк”.– Ану, паўтары! Ану, паўтары, паўтары!