Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Я табе паўтару! – “каўбой” схапіў Ганчаронка загрудкі.– Высоцкі! – заблажыў той. – Чаго глядзіш на бандыцкае адроддзе?І тут ад натоўпу аддзяліўся высокі, выключна складзены і збіты мужчына год сарака з нечым. Валасы цёмна-русыя, светлыя вочы прыжмураны. У рухах лянівая грацыя, па якой відаць: можа быць нечакана рухлівы. Нос прамы, рот няўлоўна ўсміхаецца. У вялізнай далоні маленькая пужка.– Пастарайцеся, Ігнась Якаўлевіч, – сказаў ён сам сабе. – Ну што, сапраўды, за безабразія робіцца?І лёгка, як кацянят, развёў Ганчаронка і Змагіцеля, трымаў іх выцягнутымі рукамі.– Ну, няхораша. Ну, бойка будзе, – ляніва ўмаўляў ён. – Ну, міліцыя. Ну, пятнаццаць сутак. Ну, неба ў буйную клетку. Бухгалтар вялікага калгаса, член пасялковага Савета – і пятнаццаць сутак. Непрыгожа... Настаўнік роднага слова – і тратуар перад школай падмятае. Непрыглядна, экзамены скора. Вучні пра Сымона Скарыну слухаць хочуць, а вы...Чамусьці не паверыў я ягоным словам пра Сымона Скарыну. “Прыдурваецца, здзекваецца”, – падумаў я. Таму што была ў ім гэткая старасялянская ветлівасць і выхаванасць, але было і нешта дужа інтэлігентнае.– Ігнась! – гарлаў Ганчаронак. – Пусці, дай дарвацца.– Ды не пушчу, – ляніва сказаў Высоцкі.– Сука ты! Пусці! Пусці, адроддзе свінскае! Пусці, чорт смалены, дымны!І тут Высоцкі невядома чаму азвярэў.– Ты за брата... Колькі м-мож... Ты, гадзяня... Ты, выпоўзіна.Адштурхнуўшы Змагіцеля, ён схапіў Ганчаронка, выдзер у яго партфель, схапіў за карак і за руку і моўчкі пачаў карэжыць. Так, што стала страшна за жыццё таго.– П-пусці!.. П-пусці.Настаў час умяшацца і ратаваць усіх ад гарачнасці.Я пачаў наводзіць апарат, выбіраць пазіцыю. Нехта сыкнуў, і паступова авантура пачала сціхаць. Апошні выпусціў бухгалтара Высоцкі. Выгляд ва ўсіх быў збянтэжаны, а ў некаторых – спалоханы. Я нават не чакаў.– Вы хто такі? – першым ачомаўся Альшанскі.– А ці не ўсё адно?– А нашто вы гэта робіце?– А будзе харошая ілюстрацыя на тэму: “Правілы і нормы сацыялістычнага супольнага жыцця ў Альшанскім наваколлі”.І я шчоўкнуў яшчэ і мур з юнакамі на ім.– Гэй! Гэта яшчэ нашто? – крыкнуў здалёк старшыня Альшанскі.– Я Антон Косміч. Прыехаў даследаваць Альшанскі замак і касцёл. Маю адносіны да арганізацыі па ахове помнікаў, між іншым, і гэтага вось вашага замка. Застаў прыемную карціну разбурэння. І “запечатлел”. Да ведама сучаснікаў і на памяць нашчадкам. Удзячным нашчадкам.Дзеці вакол Шаблыкі зарагаталі. І гэты смех вывеў старшыню з цярпення:– Выньце плёнку.– І не падумаю.Ён кінуўся да мяне з грацыяй і спрытам бегемота. За ім Ганчаронак і Высоцкі. За імі Змагіцель і Шаблыка.– Падумалі б вы, Нічыпар Сяргеевіч, што гэта адна з прыкрас краю, – паказаў старшыні на замак Шаблыка.– Ты мне радзіму за мой кошт не ратуй, – кінуў яму старшыня.Да мяне падступілі Ганчаронак з Высоцкім.– Ты... ты адкуль... – вось-вось узялі б загрудкі.У гэты момант чалавек у мучным пыле, з кепкай казырком назад і з поўным картэжам беспародных сабак наблізіўся да нас, прайшоў між нас, як разжараны нож праз брус масла, стаў і ўтаропіў дзікаватыя ўважлівыя вочы ў нашы абліччы. Разглядаў, лунатычна хілячы галаву то на адно плячо, то на другое, і вочы былі нерухомыя, і я заўважыў, як усе нібы звялі, апусцілі рукі і адсунуліся. Чалавек паглядзеў, пакруціў адмоўна галавою і адышоў крокі на чатыры.– Н-не а. А? А-а-не! – ціха сказаў ён.