Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Спрэчка зноў была пачала разгарацца.– Не смейце больш рабіць гэтага, – сказаў я.– Хто гэта тут такі яшчэ? – падлез Ганчаронак.– Змоўч, а то я табе.– А вы не крычыце на мяне, як нейкі афрыканскі папуас, – налязаў ён.– Новагвінейскі бушмен, – паправіў я.Чым бы гэта ўсё скончылася – невядома. Але ў гэты момант ад мура даляцеў крык двух дзесяткаў галасоў. Туды спяшаліся дзеці, і мы таксама кінуліся туды.На зямлі ляжаў, нязручна падкруціўшы левую руку, юнак год семнаццаці. Адзін з тых, што толькі-толькі былі наверсе і там дзяўблі ламамі. Гэты чарнявы юнак адзін з тых “кладзенцаў-гракоў”, як іх справядліва называюць.– Што з табой, Бронік? – з непрыхаванай трывогай спытаў Шаблыка.– Разбіўся? – гэта старшыня.– Здаецца, не, – юнак сеў, моршчачыся і падтрымліваючы правай левую руку.– Вывіх, – сказаў Ганчаронак. – Пацягніце за руку.– Не. – Шаблыка абмацваў хлопцаву руку. – Пералом. Хутчэй у бальніцу.Ведаю, я рабіў жорстка, не па-чалавечы, але трэба было стрымаць тую малпу, якая вырашыла рабіць такое з замкам, ды яшчэ і з рызыкай. Ну а каб не рука, а шыя. І таму я шчоўкнуў і гэтую сцэну.– Ну і вось, – ледзь не заплакаў Высоцкі, паказваючы на тое месца, дзе, відаць, хлопец пераламаў руку і дзе пінжак быў прадзёрты. – Во і пінжак раздзёр.– Падумаеш, адзін пінжак, – з пагардай адказаў мужны Бронік. – Мне гэта ўсё адно як Радзівілу, калі б у яго ў адным з маёнткаў парсючок здох.–Малі, хлопча, бога аб здароўі, бо маліць аб розуме табе позна, – сказаў я.Старшыня, Ганчаронак і Высоцкі відавочна сабраліся пакінуць поле бою. Але кінуць яго без слова азначала прызнаць сябе пераможанымі.Таму Альшанскі спытаў:– Гэта вы хаця дзеля чаго здымалі?– Бачыце, не так даўно быў “Фіціль” пра аднаго такога, – я сказаў гэта, хаця і ведаў, што кажу пустую пагрозу. – Магчыма, здымкі ў будучым і прыдадуцца.– Выньце плёнку, – сказаў Ганчаронак.– Вы, здаецца, не ахова, а гэта не нумарны завод, – адрэзаў я. – Выму. У цёмным пакоі з праявіцелем.Чаму так – не ведаю. Але ніколі не бачыў я чалавека, які б так усхваляваўся.– Вы...– Адставіць, – сказаў старшыня. – Сапраўды, пагарачыліся. Што нам, клінам сышоўся для загона гэты замак? Дый чаму тут, сапраўды, гарэць? Словам, будзе загон. Гэй, спускайцеся адтуль! – паглядзеў на дзяцей, што сачылі за сцэнай, і прыбавіў спецыяльна для мяне: – А з вамі пагаворым...– Так, – падхапіў Ганчаронак, – з вамі, што тут без году тыдзень, а падкопваецца пад аўтарытэт кіраўнікоў, мы яшчэ пагаворым.– Ахвотна. Тым больш што найболей падкопваюць аўтарытэт кіраўнікоў такія, як вы.Альшанскі, відаць, хацеў быў вылаяцца, але махнуў рукой.Яны пайшлі, і тут нечакана загаласіў ім услед чалавек у кепцы задам наперад:– Ага! Ага! Вось вам божая кара. Бурылі? Замак? А вы ведаеце, што тут было? Вось вам... Што тут было! Вось вам божая кара.І рушыў за імі ў суправаджэнні картэжу сваіх псоў.І толькі тут я зразумеў, што чалавек гэты – вар’ят.– Змагіцель Міхась Іванавіч, – “каўбой” працягнуў мне руку. – Мясцовы выкладчык беларускай мовы.– Шаблыка Рыгор Іванавіч, – сказаў другі. – Настаўнік гісторыі. Дзякуй вам, вы прыйшлі ў час.– Два Іванавічы, – сказаў я. – Што ж, Косміч Антон Глебавіч. Гісторык.– Мяркую, самая справа нам зараз накіравацца ў “Чайную”, – сказаў Шаблыка. – Я не люблю, але пасля сённяшняга ў мяне ад хвалявання і палёгкі аж калені дрыжаць.– І ў мяне, – сказаў “каўбой”. – Дый за знаёмства.