Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Мы пакінулі ўрэшце запаскуджанае поле бою, зноў выйшлі ў парк, перайшлі мосцік, мінулі касцёл, аддыбалі метраў трыста ціхай вулачкай і ўвайшлі ў “Чайную”, проста невялікі пакой са стойкай, дзесяткам столікаў, акном на кухню і трыма вокнамі на сонную ціхую вуліцу.Маладая і надзіва свежая буфетчыца стаяла за стойкай і сумавала, бо народу яшчэ зусім не было: рана. “Каўбой” адразу па-каўбойску падкаціўся да яе:– Данусечка... Р-радасць мая... Як я рад бачыць вас па-ранейшаму маладой, як усход, поўнай, як поўня, свежай, як раса.– Гэ-э, ды ён помесь каўбоя з паэтам, – ціха сказаў я.– Ды ну вас, Міхась Іванавіч...– Я не Міхась. Я Змагіцель. Я ўсё змагу.– І мяне?– І вас, – люта адказаў настаўнік.Зрабіў жахлівую міну і, паказваючы на бутэльку каньяку, чулліва праспяваў:– “Дайте бедному шуту звездочку вон ту”.Тая засмяялася.– А што яму, – сказаў Шаблыка. – Малады, кавалер, дурэе.Мы селі за стол і выпілі за знаёмства.– Ну, гэтая гісторыя з Бронікам ім цяпер надоўга ахвоту да такіх штучак адаб’е, – сказаў Шаблыка.– Не кажы, – сказаў “каўбой-паэт”. – Ганчаронак гэта такая свіння, што не адвяжацца. Як нянавісць у яго нейкая сядзіць і да замка, і да многага. Ён гэта Альшанскага падбіў. Нутром чую.– Так, – Шаблыка круціў у руках акуляры. – Я б яго таксама лічыў, што гад паўзучы, каб мы разам з ім у гестапа не былі.– У гестапа? – я здзівіўся.– Ну так. Мяне ўзялі па падазрэнню за падполле, хаця прамых доказаў не было. Вядуць праз пакой, а ён стаіць рукамі ў сценку пад аховай сабакі. Убачыў – зрабіў выгляд, што не пазнаў, дай бог яму...– І як жа вы адтуль выйшлі?– Прадажныя яны былі. Нашага рэдка каго купіш. Аднаго-двух. А ў іх толькі аднаго-двух і не купіш. Выкупілі нас. Тым больш што доказаў не было. Ганчаронак, кажуць, трымаўся, язык праглынуўшы. А тое, што характар дзярмо, – справа дзесятая.– І ўсё адно, – зноў ускіпеў “каўбой”. – Я яму “бандыцкага адроддзя” не дарую.– А чаму... – і я асекся, бо ледзь не сказаў нетактоўнасці.Змагіцель торкаў відэльцам у катлету:– Тут сакрэту няма. Усе ведаюць. Быў я па дурасці пасля вайны некалькі месяцаў у бандзе, шчанюк зялёны, непаўналетні. Р-рамантыкі захацелася. У філіяле банды Боўбеля-Куляша. Самога-та не бачыў. І добра, што трапіўся мне харошы чалавек. Шчука было яго прозвішча. Ён мне і давёў, што я такое. Ну, я сваю віну выкупіў. Дзякуючы яму і мне мой філіял загадаў доўга жыць, часткова здаўшыся, а асноўную частку з самім Куляшом да Палінскага балота прыціснулі і знішчылі да апошняга чалавека. І сам Кулеш зранены ў багне патануў. А ён мне: “Бандыцкае адроддзе”. С-сука!– Ладна, супакойся, – паклаў яму руку на плячо Шаблыка.– Слухайце, а гэты хто, у кепцы казырком назад?– А-а. Людзвік Лапатуха, – сказаў сумна Шаблыка. – Вар’ят. Ціхі. Часам толькі незразумелае гаворыць. Ну і кепка. І сабакі яго страшэнна любяць. Бачылі? Табунамі ходзяць. Нямецкіх аўчарак толькі баіцца і кідае ў іх камяні.– Адкуль жа ён такі, няшчасны чалавек?– У нас тут у сорак чацвёртым немцы нейкую работу вялі, а пасля рабочых чалавек чатырыста, палякаў ды нашых, расстралялі ў паўкіламетры адсюль. Ды помнікі вы пасля самі ўбачыце, у парку стаяць. Наш помнік, агульны і польскі. Мы з адным польскім раёнам тут сябруем, то яны прыязджалі ды паставілі яшчэ сваім, – Змагіцель уздыхнуў. – Страшная была гісторыя.– А Лапатуха тут пры чым? – спытаў я.– Кажуць, што ці не яму аднаму ўдалося з-пад расстрэлу неяк уцячы, – задуменна сказаў Шаблыка. – Ці ён быў адзіным выпадковым сведкам. І крануўся, гледзячы на ўвесь гэты жах. Але цяпер ад яго ўжо ніхто нічога і ніколі не даведаецца. І быў жа добры, культурны чалавек. Скончыў гімназію і адзіны тады скончыў з усяе Альшанскай акругі універсітэт. Пражскі. Некалькі моў ведаў. А цяпер, бачыце, як яго скруціла. Толькі і можна дабіцца, што вартуе ён тут магілы. Прапаў чалавек. Мяхі на млыне цягае. Шкадуюць яго.