Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Так, – пасля паўзы сказаў я.– Але ж і экспертыза, і следства, і ўсё супраць гэтага.– Я ўпэўнены, – сказаў я. – Насуперак экспертызе, следству, чорту, насуперак усяму. Нешта ва ўсім гэтым жудаснае. Я прадчуваю гэта. Падсвядома.– Прадчуваць – ваша асабістая справа, – сказаў Хілінскі. – Вы – асоба прыватная і можаце сабе дазволіць гэтую раскошу. А вось калі пачынае “падсвядома прадчуваць” правасуддзе, юстыцыя, сама дзяржава… тады…Ён нервова лыкнуў каньяку.– Тады пачынаецца – бывалі ўжо такія выпадкі – паляванне на ведзьмаў, макарцізм, татуля Дзювалье, ды ці мала яшчэ што. І пасля ўсім даводзіцца доўга, дзесяцігоддзямі плаціць за гэта, разлічвацца. Нават невінаватым. Занадта гэта дорага абыходзіцца, я веру. Цяжка, пакутліва. І ўвогуле, справядліва веру.Хілінскі дапіў келіх.– Слухайце, хлопча, не крыўдуйце на мяне, але гэта так. Вы ўражаны смерцю друга, вы не верыце, што ён мог вось так, сам, пайсці ад нас. Вы шукаеце помсты, каб стала крыху лягчэй. Але тут нішто не гаворыць на карысць помсты. Нават званкі, тлумачэнне якім ёсць. Нехта шукаў у кватэры. Нехта ўсыпіў сабак. Але гэта маглі быць звычайныя барыгі, якія падсачылі ад’езд вашага сябра і скарысталіся з яго.– Яны шукалі кнігу.– Магчыма. Але нават калі гэта так, нават калі яны цьмяна ведалі пра адкрытую вамі таямніцу, нават калі яны і вы сутыкнуліся на адным шляху да яе – гэта не мае адносін да смерці Пташынскага. Гэта выпадак, супадзенне. Паверце, экспертыза была дужа старанная. Аб гэтым паклапаціліся, верце мне. У яго было страшэнна хворае сэрца. Ён мог пражыць яшчэ гады, а мог і памерці кожны дзень. І таму Шчука, мабыць, будзе далей весці следства па справе ўзлому, але нікому з іх няма справы да таго, што сёння адкрылі вы.Закурыў.– Ну як вам растлумачыць. Ну вось ёсць звесткі, што ў Кладна недзе схаваны архіў айнзацштаба. Ведаеце, што гэта такое?– Ведаю. Ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей.– Правільна. Закапаў нехта Франц Керн з іншымі. Вось гэта справа людзей, якіх я калісь добра ведаў. А падзеі амаль чатырохсотгадовай даўнасці – гэта справа не наша. Ты б яшчэ папрасіў расследавання справы забойства Напалеона.– І папрасіў бы. Рабілі ж аналіз ягоных валасоў на мыш’як. У сучаснай следчай лабараторыі. Выявілі: быў атручаны.– Ну гэтую паслугу і я табе магу зрабіць. Што табе трэба?– Зрабіць аналіз чарніла. Прагледзець кнігу ў інфрачырвоных праменнях. Ну і іншае там. Поўны агляд.– Гэта – чаму не зраблю. Па-сяброўску. Чаму не памагчы? Дый увогуле цікава. А астатняе – ты адкрыў, ты і рабі. Памятаеш, як ты справу Дастаеўкай-Карловіч аднаўляў ды разблытваў? Толькі для цікавасці мне расказваў. І тут тое ж. Ну, лагічна, калі хочаш, будзем абдумваць разам. Гімнастыка для мазгоў. Ну, хіба юрыдычную параду Шчука можа даць, дый то. Ты пра юрыспрудэнцыю таго часу больш ведаеш. Права страшэнна змяняецца. І разблытвай сам. То і тут плавай сам. Не шукай дапамогі. Тут дай бог Шчуку са сваімі дакументамі ды знаходкамі справіцца.Падліў мне:– Цікавая для цябе штука. Проста “востраў скарбаў”. А як наконт тых кропак? Ну, 9с, 20в… Няўжо і вылічальная машына тут нічага не зрабіла б?– А што яна зробіць? Прасцейшы прыклад – “Вова-дурань” І н, І д і г.д. Перабрала варыянты і выдала, дый чамусьці па-руску: “На дурь, Вова”. Я не магу іх, варыянты, перабраць, ну і ў яе такая самая логіка. Ды ў чалавека і ўвогуле гэты працэс лепшы, толькі што ідзе больш павольна.