Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Гаварыць далей на гэтую тэму было непрыемна і цяжка, і таму я перавёў размову на іншае:– Слухайце, а што гэта ў вас кажуць нібыта пра нейкую жанчыну з нейкім там чорным манахам?– Аа-а, працяг легенды з XVII стагоддзя, – скептычна ўсміхнуўся Шаблыка. – Валюжыніч і Ганна Альшанская. Чу-улі.– Ну не, – узвіўся “каўбой-паэт”. – Вы можаце смяяцца, казаць, што я ёлуп, а я веру: ёсць нешта такое. І за апошнія некалькі год зноў з’явілася. Ужо чалавек шэсць казалі. Людзі дарма шоргаць языкамі не будуць, і дыму без агню не бывае.– Дык што?– Кажуць, сапраўды, у некаторыя ночы з’яўляюцца. І калі прыйдзеш у такую ноч і падыдзеш добра, то ідуць. Часам па касцельнай галерэі, часам па замкавай. Часам па той і па другой. Размытыя, туманныя. Ідуць і знікаюць і нічога не гавораць.– Ты каньяку болей пі, – сказаў Шаблыка.– Ды я амаль і не п’ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.– Н-на, – сказаў я, – гляджу я, у вас тут ідылія.– Ідылія, – сказаў Шаблыка. – З кантрастамі.

РАЗДЗЕЛ ХІБелая ГараМінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.А потым рыпае сям-там гармонік, перад клубам танцуюць пары. І закрадаецца ў сэрца сум, што табе гэтага ўжо зусім не хочацца,што твае балі адшумелі і пракаціліся.Прайшоў з настаўнікам і вучнямі, проста каб не быць аднаму, каб паглядзець на ажыўленне іншых, а вечарам уцёк з вячоркі ад Вячоркі (сапраўды, почасту яны ў яго бывалі) да Змагіцеля ў яго кавалерскую хату (бацькі памерлі), куды скора з’явіўся й Шаблыка, і хораша мы з імі праводзілі свята, хаця нічога асабліва смажанага, печанага ў нас і не было.Чысла трэцяга я заўважыў за рэчкай, на ўзвышшы, што ляжала наўскос ад замка, чалавечыя фігуркі і зразумеў, што археолагі, разведка якіх з’ехала незадоўга да майго прыезду, прыехалі ўжо экспедыцыяй.Вырашыў ісці да іх. Трэба ж было пазнаёміцца з будучымі “калегамі” па рабоце. Тым больш што як давядзецца лазіць – усё адно заўважаць і спатрэбяцца тлумачэнні. Хісткім мостам перайшоў рэчку, адразу зразумеў: узгорак, які ляжыць перада мной, – гарадзішча. Старое, адно з ранніх славянскіх у гэтых краях. Пазней стаяла на гэтым месцы, магчыма, і крэпасць недзе ХІ – ХІІ стагоддзяў.Я ўскараскаўся наверх, убачыў звычайную карціну: няроўны квадрат метраў сто пяцьдзесят на дзвесце з узвышэннямі па краях і лёгкім прагібам пасярэдзіне, россып чарапкоў, драбнюткіх, з пазногаць мезенца, вымытых з восені дажджамі, велізарны, зусім яшчэ голы дуб у адным з рагоў пляцоўкі і людзей, якія сядзелі пад ім між раскіданага майна, розных там скрынак, пакункаў, бочак і бог ведае чаго яшчэ.Было там трое дзяўчат ва ўзросце год дваццаці і хлопец гады, можа, на два старэйшы за іх, якога я адразу пазнаў, бо сустракаліся ў нейкай сям’і. Сядзеў з гітараю ў руках белазубасты, худы, цёмнахваліставалосы і “большие надежды подающий” будучы археолаг Генка Сядун уласнай персонай. А за яго спінаю ўзвышаліся дзве чатырохмесныя жылыя палаткі і дзве палаткі пад інструмент і іншае. На такім фоне Генка ў сваіх страшэнна пацёртых, але сапраўдных тэхасах з мустангам на азадку, у чырвонай чорнаклятчастай каўбойцы выглядаў – “заскучаешь”. А дзяўчаткі былі звычайныя, толькі што мілыя па маладосці, з той пароды студэнтак-лабарантак, справа якіх шыфраваць, апрацоўваць матэрыялы, сядзець на раскопе і займацца расчысткай.