Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– “О сустрэчы ў джунглях ці на моры”, – убачыўшы мяне, заспяваў Генка.Быў ён слаўны, між іншым, песнямі ўласнага сачынення, хаця голасу, як большасць сучасных спевакоў, зусім не меў. Але бог з імі, уважаючы на адсутнасць голасу і слыху, сучаснаму спеваку амаль беспамылкова можна прадказаць бліскучую будучыню.І, дзіўна, чым больш да таго ж дурнейшая была Генкава песня, тым большым поспехам яна карысталася сярод равеснікаў. А так што ж, хлопец як хлопец. Вось і зараз... імправізуе.О сустрэчы ў джунглях і на моры...Качка, шторм – гары яно агнём.На Басфоры ж гэнай гары мора –Ты меня не спра-ашивай о нем.– Антону Глебавічу Космічу прывітанне,– ускочыў ён, калі я падышоў.– Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.– Знаёмцеся, – звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, – прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Тана Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.“Волат” быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як “вузкія” спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.– Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.– А хто ж у вас тут начальнік?– Ну а чаму не я? – абурыўся Генка.– Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.– Яшчэ як часта, – зрабіў жаласную міну Генка. – Толькі тады яны адразу перастаюць... шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.– Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.– Мы про-ойдзем... Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, – ён напяваў. – Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем... кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.– Стася Рэчыц у нас начальнік, – ледзь не шэптам сказала “таўстуха”, Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. – Зараз яна прыйдзе.Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.– Унь... падымаюцца, – сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. – З кім жа гэта?– Дзед Мультан, – сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не “гайдук”, а толькі “гайдучык”.)Па колішняму ўз’езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.– Дзень добры, – сказаў дзед. – Мультан маё прозвішча.– Станіслава Рэчыц.– Антон Косміч.– Той?– Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?– Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.