Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Жанчыне, а можа, дзяўчыне

– дваістае ўражанне – магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы – Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.І – рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна “ў полі”, пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.“Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя”.– Зайдзіце на хвіліну да нас, – паказала яна на палатку.– Куды мне туды, – забасіў Мультан. – Я яе звалю.У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.– Што ў вас – сёмуха?– У нас заўсёды – сёмуха.Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым – танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.– Ну што ў вас, Антон Глебавіч?Я расказаў. Без падрабязнасцей, без гісторыі расшыфроўкі. Проста сказаў, што павінна быць пад знакам карабля, недзе пад другой вежай ад кутняй вежы падзямелле. Яна не здзівілася – мала для чаго нейкае там падзямелле можа быць патрэбна гісторыку.Яна ўзяла шчуп і сказала:– Ну што ж, хадзем, паглядзім.Выйшлі на пляцоўку. Мультан – невядома чаго прыцёгся сюды, рабіць, ці што, не было чаго – паплёўся за намі. Часам згінаўся і падбіраў нешта. Заразіўся падчас разведкі чалавек.– Што за шчуп у вас такі цікавы?– Паглядзіце.Шчуп, востраканечны прут, якім зручна мацаць грунт на пясках, быў зроблены ў выглядзе паморскай шпількі-заколкі. Куты і адзін канец закручаны ў папярочны авал. Каб якраз пралезла рука і добра трымалася ў стальной пятлі. Канчаўся авал вытанчаным завітком.У другім шчупе канец пятлі-ручкі змыкаўся і, як стужка, тройчы абвіваўся вакол штыра шчупа.– Сама замовіла. Вось бярыце пакуль гэты. У абодвух па метру даўжыні. Можна мераць глыбіню ў раскопе. І на пясках мацаць зручна, – уздыхнула з усмешкай. – Але галоўным чынам для сабак.Яны пайшлі па краі гарадзішча. У спіну ім Генка заспяваў прачулым, дураслівым голасам на матыў “Степь да степь кругом”:В той степи глухойИ-сто-рик у-мирал.І пасля невялікай паўзы (як на гэта адрэагуюць):Перешли женеВещи тощие,Передай ключиОт жилплощади…А другой женеО том промолчи,От жилплощадиНе давай ключи.Я нагнуўся і падняў камень, але Генка ўжо слізгануў за палатку.– Што, і сапраўды другой не даваць ключоў? – засмяялася яна.– Дзякуй богу, не маю такога шчасця ні ў другі, ані ў першы раз.– Чаго ж “дзякуй богу”?– А так.– Чаго ж так?– Спакайней. Я ўжо гады за плячыма маю.– Якія там гады, – здалёк, дачуўшы, сказаў Мультан, – якія вашы гады? Унь я, вы думаеце, чаму такі зарослы? Неахайны? Брытвы не маю? Маю. І ў лазню два разы на тыдзень хаджу. А шчэць, як у кабана, бо жонка загадала галіцца раз на месяц. Бо яшчэ раўнуе, зараза.