Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Ён наблізіўся, і так мы падышлі да краю гарадзішча, адкуль замак наводдаль было відаць, як на плане. Адсюль і разбурэнні было відаць лепей.– Бураць, – ціха сказала яна. – Паступова.– І дошка здзёртая, – сказаў я. – Валяецца унь у бур’яне.– Куды яна ўцячэ? – буркнуў Мультан.– А хто яе ўкрадзе?– Удзячныя жыхары і ўкрадуць.– Не дам, – сказаў Мультан. – Я ж вартаўнік. Касцёла. І заадно замка.– Ну, дзед, вы наварутеце, – сказаў я.– Ого-го, ды яшчэ як. А дошка? Прыбіць дошку, і як быццам усю справу зрабілі. А дошка – сёння яна ёсць, заўтра няма, буры, Ванюха!– Мае рацыю, – сказала яна. – Унь была дошка на Ружанах, на беларускім Парфеноне, валяліся ў двары бочкі з-пад мазуты. Няма яе – тыя ж бочкі. Ну дык дзе там, кажаце?– “Другая ад кута”.– Ад якога кута? Дзе той кут?– І праўда, куты чатыры. Так што практычна пад кожным...– Практычна на псы твая работа, хлопец, – сказаў Мультан.– А далей ступ пад знакам карабля,– безнадзейна сказаў я.– Восем ступ пад знакам карабля, – паўтарыла яна, палічыўшы на пальцах. – Н-на, нягуста.Мультан калупаў наском бота зямлю.– Вось што, – буркнуў ён урэшце. – Так ты тут нічога не знойдзеш. Я вось што зраблю. Я табе ўнука свайго малодшага, Стасіка, прышлю. Ён сапраўдны Мультан. І ён з Васільком Шубайлам, сябрам сваім, такія сарвігаловы, што ўвесь замак з галавы да пятак аблазілі. Можа, яны табе ў нечам памогуць.– Дзякуй, дзед. Ад дзяцей у такіх выпадках сапраўды можа быць болей карысці, чым ад дарослых.– То ж бо.– Што ж, – спытаў я ў Сташкі. – Вы капаць пачынаеце? Але ж яшчэ мокра.– Падрыхтоўка. Пачнём па-сапраўднаму, калі вучняў, у якіх экзаменаў няма, адпусцяць і як крыху падсохне.– Шаблыка тут ім памог, – сказаў дзед.– Угу. Варта капаць. У выпадку чаго і вам дапаможам. І заходзьце да нас.– Што ж, буду рад.Мы стаялі над адкосам. Вецер ляцеў, з боку замка, ад невялікай ракі. Відаць былі справа і злева ставы, і на левым з іх лялечны адсюль будынак млына. Было шырока-шырока.– А гарадзішча гэта завецца Белая Гара, – сказала яна.– Так. Белая Гара, – сказаў дзед.Да касцёла нам з дзедам было па дарозе. Ішлі, мянцілі языкамі пра тое-сёе. Ля плябаніі кінуўся нам у ногі рыжы пёс, сумесь дварнягі з ірландскім сетэрам. Прыціснуўшы вушы, пачаў ласкава скуголіць.– Кундаль. Кундаль, – трапаў яго дзед. – Бач ты, быч ты, які тлусты. Як мех. Нічога, на паляванне з табой пойдзем. Скінеш тады тлушч. Пойдзем на паляванне?Сабака аж скакаць пачаў ад радасці.– Верыце, прызвычаіўся, зараза, каб яму здароўе, рыбу лавіць. Часам такую здаравенную прынясе. І не ведаю, ці ён нырае пад яе, як вадалаз, ці як. Зайдзіце да мяне, – сказаў Мультан. – Паглядзіце на вартоўню. Вось так кожную ноч. Жонка, дзеці ды ўнукі ў хаце, а я тут. Таму баба галіцца часта і забараніла... Раўнуе, халера.Вартоўня была самай незвычайнай з вартоўняў, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Цэлыя два пакоі. І вялікія.– Тут уваход асобны, – сказаў дзед. – І ні к сялу ні к гораду гэты асобны ўваход. Кліру паменела, то аддалі пад вартоўню мне. А рэчаў столькі, што ўсе непрыгодныя, ды яшчэ некаторыя з былога палаца таксама ўсе сюды знеслі і скінулі.Гэта было сапраўды так. У першым пакоі былі грубка, тапчаны, стол і табурэткі, але акрамя таго яшчэ і зламаная фісгармонія, і крэсла з высокай “біскупскай” спінкай, і стары буфет чорнага дрэва (шклы ў ім адсутнічалі, і на паліцах было відаць конаўкі, шклянкі, чайнік, бульбу і цыбулю россыпам).