Чорны замак Альшанскі, ч. 2

У другім пакоі ў куце ляжалі дошкі ікон і рулоны іконных палотнаў, стаяў таксама стол на “арліных” ножках ( кіпці арлінай лапы сціскалі шары, на якіх стол і стаяў) і пара інвалідаў-крэслаў.І ў абодвух пакоях на сценах віселі партрэты. Некаторыя былі прадзёртыя, некаторыя пацямнелі да таго, што амаль немагчыма было нешта на іх разгледзець. А пасярэдзіне аднаго быў круг расплаўленай фарбы: відаць, ставілі вядро з кіпетнем.А партрэты былі, можа, і не дужа мастацкія, але музейныя. На некаторых відаць было лацінскія надпісы або славянскую вязь.– Ксёндз сюды перацягваў. Што з хат адкупіў, што на гарышчах знайшоў.– Палац жа згарэў.– Гэ-э, не так многа ў тым палацы і дабра было. Сёе-тое паспелі выцягнуць.– Куды ж яно падзелася?– А хто яго ведае. Тут перад вызваленнем такое чынілася. А пасля, як немцы ўцяклі, а нашы яшчэ не прыйшлі, было яшчэ горш.– А што?– Боўбель-Кулеш разгуляўся. І разабраць нельга было, хто каму галаву скручвае.– А добра тут у вас. Мне б сюды перабрацца.– Што, вячоркі ў Вячоркі абрыдлі?– Ды я й сам магу. Але тут ужо занадта.– І вось глядзі ты, харошы чалавек, загадчык клуба – пашукаць, дарма што адукацыі не хапае, а вось гэткая паляндра ўчамярылася – і нічога зрабіць нельга.Уздыхнуў:– Трэба пагаварыць з ксяндзом. Глядзіш, і мне ўначы не так сумна будзе. Не будзеш жа ўсю ноч хадзіць, часам і пасядзіш... Пагавару... І Стасіка вам заўтра ў дапамогу дашлю. Ён – Мультан, а я ўжо на старасці пачынаю вулічную нашу мянушку апраўдваць – “Пацяруха”. Пацяруха старая і ёсць.Ён вывеў мяне з цвінтара.– Дзед, – сказаў я, гледзячы на галерэю, – а што гэта пра жанчыну з манахам байкі брэшуць?І тут дзед пасур’ёзнеў:– Гэ-э, каб гэта байкі! Праўда. Сам бачыў.– І ў замку бачыў?– У замак ноччу не хаджу. Баюся. І ўсе баяцца. Кажуць, і там. А я вось тут бачыў, на гульбішчы. Ідзе нешта светлае, як само святло, а побач цень, нібы сама ноч.– Ой, дзед!– Брашу, думаеш? Каб мне са старой і ўнукамі дня не пражыць.– Спецыяльна прыйду глянуць.– Яны не кожную ноч. Я аднойчы набраўся смеласці, улез на галерэю (у выпадку чаго, думаю, пальну са стрэльбы). Зніклі. Спусціўся на цвінтар – зноў ідуць.У хаце я застаў стан ціхага адчаю. У той дзень Зеляпушчанак павінен быў праводзіць брата, які прыязджаў да яго на свята з Данбаса, і яшчэ пры мне яны пайшлі на аўтобусны прыпынак у Альшаны.Марыя Сямёнаўна, поўная, добрая, сінявокая, была ўся ў слязах і ламала рукі. Невядома чаго, ці ад адчаю, ці таму, што яны ў яе кожную вясну і восень нясцерпна балелі. Была яна ў “цукровым” звяне. А вы ведаеце, што такое цукровы бурак. Ні па сартыроўцы насення, на па прарэджванню ўсходаў машын пакуль што не прыдумана.“Трэба будзе прывезці ёй з Мінска гліцэрыну, – падумаў я. – Гэта ж трэба, не чуць пра гліцэрын. А рукі ж такія чорныя, парэпаныя, страшныя”.– Што, не прыходзіў яшчэ?– Не. Антоська, любенькі, даражэнькі, сустрэнь ты яго, калі ласка, схадзі ты, сынок, у Альшаны, пашукай ты яго.– Па якой дарозе?Альшаны вёска доўгая, і таму ў Альшанку з яе вядуць аж тры дарогі. Марыя Сямёнаўна вінавата глядзела на мяне, і я зразумеў, што давядзецца перамераць нагамі ўсе тры.– Добра. Дайце толькі гумовікі ягоныя і ліхтарык.– Сыночак, Бога маліць буду. А гумовікі – на. Бо і сапраўды, можа, у поле выбрыў, можа, у Выдраў яр скаціўся, можа, у канаве недзе ляжыць. А па іх жа яшчэ вада з пушчы бяжыць. Снег жа яшчэ, мабыць, у пушчы.