Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Агульнымі намаганнямі мы ўзвалілі яго на ляжанку, і Марыя Сямёнаўна кінулася па нейкі спіртавы настой, каб расціраць.– Жоначка, ты ж мне лепей глотку ўсярэдзіне гэтым разатры, – бубніў Вячорка.– Дам, дам. А божа мой. А дзякуй вам, добрыя людзі. А жывога ж хаця прывезлі.Я пасмейваўся. Незласлівасць гэтая нагадала мне першае вясковае вяселле, на якім я быў. Паспаць мяне тады адвялі ў суседнюю хату. Я ляжаў, а ў вушах усё яшчэ аднастайна гудзела ўсё той самае:А на шэрым каніУ яб-лы-кіЕдзе ў Зосеньчын дворМі-цеч-ка.Раніцай, калі я прачнуўся, у печцы палаў агонь, гаспадыня ставіла туды гаршкі. І тут адчыніліся дзверы і два хлопцы ўнеслі ў хату трэцяга. Адзін нёс ногі, другі – галаву (не плечы, а менавіта галаву), а сярэдзіна звісала самастойна і пагойдвалася, як гамак. І тады гаспадыня пляснула рукамі і зусім без злосці, а толькі з бязмерным здзіўленнем працягнула:– А-а сы-но-чак мой! А ты ж казаў, што на сваіх нагах прыйдзеш!Варыяцыю таго здарэння бачыў я перад сабою зараз. Ох і добры ж наш народ да такога! І я толькі падумаў, што калі так будзе далей – давядзецца з’язджаць. З’язджаць ад Вячоркі хаця б да дзеда Мультана.Вячорка абмацваў здаравенныя гузакі на галаве і мармытаў гаротна:– Білі мяне. Ой, білі мяне!Пасля мы даведаліся, што ніхто яго не біў, што яны з братам узялі “пасашок” перад аўтобуснай станцыяй, брат уехаў, а Чэсевіч замест дамоў патупаў рэвізаваць свой клуб і там некалькі разоў ударыўся галавой, а пасля, замест таго каб легчы ў клубе на канапе, папраставаў дахаты.– Ішоў-ішоў, – мармытаў Вячорка, – надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі “в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у”. А яны не спыняюцца.– Угм, – сказаў Альшанскі. – Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася – салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.– Дык мо чарачку, людцы вы мае?– Сёння не хочацца, – сказаў Шаблыка.– А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:– В-ву-у, в-ву-у... А я салютую... А тут цені ішлі... Два... І сталі... Гамоняць... Не бачаць, што побач.... грэбля ляжыць... Яйкі каменныя, страшныя... Другая справа за паўночнай вежай... Яйкі...Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.

РАЗДЗЕЛ ХІІПачатак пошукаўВечарам я вырашыў паехаць на дзень-два дахаты, а да таго часу крыху палазіць па замку і намеціць сякі-такі план дзеянняў. Раніца зноў выдалася свежая, але сонечная. У такую раніцу добра нe ў падзямеллі лазіць, а сядзець на прызбе, на сонейку, каб ветрык не даставаў, слухаць пеўняў і думаць аб сім-тым. Але менавіта таму мне і трэба было лезці. Трэба брацца за справу ўсур’ёз. Таму і яшчэ таму, што так трывожна свяціў незразумелы начны агеньчык у вежы замка. Другой вежы справа ад паўночнай. А можа, у першай ад яе. Я толькі прыблізна ўстанавіў, у якой.