Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Падлога збераглася ва ўсіх залах жылых памяшканняў першага і другога паверхаў, але ў вокнах-байніцах ніжняга і ў вокнах другога паверхаў не было ніводнага шкла, і пройма гуляла паверхамі свабодна, уздымаючы з купаў друзу пыл. Філары (калоны, што падтрымлівалі скляпенні) і самі скляпенні былі абураюча і агідна абабітыя. Нішы, у якіх стаяў, відаць, калісьці посуд, вазы ці невялікія статуі, былі поўныя вапеннай крошкі. Нічога цікавага ва ўсіх залах я не знайшоў і толькі пашкадаваў, што цалкам яшчэ прыдатны будынак марнее ў запусценні.У чатырох абследаваных мною вежах знізу была глухая падлога з магутных каменных квадратаў. Заставаліся чатыры вежы паўночнага боку. У адной уніз вялі каменныя, сцёртыя да апошняга прыступкі, але спуск канчаўся на глыбіні прыблізна трох метраў жалезнымі, таўшчынёй у руку кратамі. На кратах вісеў магутны, вельмі стары цыліндрычны замок з тых, у якія ключ увінчваецца, як гляйсар. І замок і краты былі крывава-чырвоныя ад іржы. Я вырашыў, што наведаюся сюды пазней.Пад наступнай вежай таксама быў нібыта ўваход у сутарэнне, але завалены каменнымі брыламі, жвірам, вапеннай крошкай і смеццем. Патрэбна была кірка і рыдлёўка. Значыць, і гэты ўваход быў закрыты.– Антоне Глебавіч! – аддаўся недзе наверсе крык.Увесь пыльны, я вылез на дзённае святло і ўбачыў прысагнутую постаць дзеда Мультана-Пацярухі, а побач з ёю дзве фігуркі хлопчыкаў год па сем-восем кожны– Гэта мой Стасік, ¬– з гонарам сказаў дзед Мультан.Стах быў дзёрзкае ўскудлачанае вераб’янятка. Калі, вядома, уявіць альбіноса-вераб’я. Яшчэ вясна, а ён паспеў ужо ўшчэнт выгараць за выключэннем глыбока-сініх вачэй.– Ну, здароў, Стах, – сказаў я.– Здароў, калі здароў, – з саліднай дзёрзкасцю сказаў вясковы Гаўрош.– А гэта вось сябар ягоны, – сказаў дзед. – Васілька Шубайла. Гэтыя – памогуць. – Васілька глядзеў спадылба. І яшчэ з-пад кучмы гэткіх жа бясколерных ад сонца валосікаў.– Ну, Васілька, а ты чаго ж гэта такі сціплы ды нясмелы?– Та-а, – бязгучна сказаў Васілька і ад прысаромленасці пачухаў адной босай нагой другую.Дзед пайшоў, а мы селі на валуны, каб абмеркаваць план нашай ваеннай аперацыі.– Ну, хто падзямеллі ведае?– Трохі, – сказаў Стасік. – Бо да канца іх і сам чорт не ведае.– А ты, Васілька?– Та-а, – адказаў той.– Ну, з такімі арламі я тут горы звярну. І вось што перш за ўсё зробім: учора бачыў я ноччу унь у той вежы агонь. Што б то магло быць?– Гэт-та трэба скеміць, – разважліва сказаў Стасік.А вочы загарэліся. І я зразумеў, што стары Пацяруха ў ягоным узросце быў, відаць, такі самы: сумесь саліднага дамавітага мужычка і маладога вастравухага сатыра.– Ну, чаго сядзім? – сказаў малады сатыр. – Палезлі, не губляйма залаты час.– Та-а, – сказаў Васілька. – Да-а-ффай...Дарослы асталоп і два маладыя праз пралом забраліся ў вежу. Усю сярэдзіну яе, аж да першага яруса, займаў слуп ад вінтавой лесвіцы. Але ніжнія прыступкі выпалі. У слупе заставаліся толькі ямкі ад іх.– Дзядзька Антосю, – сказаў Стасік. – Я першы палезу, а вы за мной. Бо калі я сарвуся, вы мяне ўтрымаеце. А калі вы першы палезеце і сарвецеся – мне ўтрымаць будзе цяжкавата.Стах палез, як вавёрка. А за ім, крыху цяжкавата, палез я, ставячы наскі ў ямкі ад прыступак у слупе.Падымаліся па спіралі. Вельмі пахвальны занятак для без пяці хвілін доктара навук.З яруса, з вышыні праз байніцы было відаць Альшанку, і плынь Альшанкі, і палі, і затравелую Белую Гару з маленькімі постацямі людзей на ёй. Унь нават, здаецца, можна адрозніць Сташку. І Генку. А можа, і блытаюцца, бо ўсе ў джынсах.