Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Вельмі мне не хацелася ісці да Хілінскага, але трэба было. Можа, даведаўся чаго ад Шчукі? Але я цягнуў і цягнуў. Выйшаў да “Святога Герарда”, купіў цыгарэт, на гэты раз “Шыпка” была, а “БТ” толькі адзін блок. І за гэта дзякуй добраму чалавеку, што прыберажэ.– І надоўга, таварыш Косміч?– Ды не, дні на два, а там зноў...– Усё шукаеце? – пытае ён.– Шукаю.– Бывае, што і знаходзіце?– Бывае, што й знаходжу... Часцей за ўсё знаходжу... Тут лобам і азадкам трэба мур прабіваць. – Я цягну візіт да Адама як магу. – Дурная справа няхітрая.– Угм. Тады ў гэтым горадзе тры чвэрці такіх, “няхітрых”.Я ўсё ж іду на галгофу. І калі Адам адчыняе мне дзверы, мяне, як у лоб чакухай. Той, што па абуху сякеры б’юць, калі яна завязне ў пні....сядзяць за сталом і чаёк папіваюць палкоўнік Шчука і Росцік Грыбок. Мяне ад гэтай ідыліі ўдарыла, нібы аб мур. І адначасова зноў узнік жах. Праўдзівей, ён жыў увесь час. Жах перад той запіскай. Перад уласным почыркам. Шчыра кажучы, ні да таго, ні пасля я, у самых складаных абставінах, не баяўся. Але адна справа забіць на вайне, у вулічнай бойцы з вулічным дзярмом, у стане афекту. І зусім іншая справа, калі вашывыя грошы ўстаюць паміж табой і другам, калі чалавек за спадчыну забівае адзінага друга. Так подла выбавіўшы яго з дому.Толькі тады, калі людзі – усе – зразумеюць гэта, толькі тады прыйдзе справядлівасць. Да гэтага яе марна чакаць.– Што гэта ў вас гаворка і шумна, нібы ў лазні?– Гулка, – нечакана сказаў Грыбок, – як у лазні або ў залі для наведвальнікаў у 9-й клініцы.– А што, і там пабываў? – спытаў я.– Пабываў. Але там ляжаць – гэта прабач мне, божа...І праўда, куды ён туды, такі Грыбішча? Дурное меркаванне. – Я ўсюль пабываў, – сказаў Росцік.– Ну на Паўночным полюсе не быў, – сказаў я.– Досыць вам, – раптам адрэзаў Шчука. – Вы што, не бачыце, што ён нежывы ад прадчуванняў? Гэта ўжо ў нас, мясцовых дурняў, звычка дасціпнічаць ледзь не пад сякерай.– Праўда, – прызнаўся я. – Часам страшэнна баліць галава. Праявы нейкія дзіўныя ў сне.– Ператаміўся ты, хлопец, адпачні, паспі, паплавай, закахайся, – сказаў Шчука. – Кінуў бы ты гэтую справу. Выедзенага яйка яна не варта. Падумай, што тут да чаго. Дзе плес, а дзе лес? Дзе пасцель, а дзе касцел? А каб заспакоіцца – скажу: почырк не твой, Антось. Экспертыза графалагічная. Амаль не адрозніш, але не твой. Папера – твая.У мяне закруцілася ў галаве. Яна за апошні час так трашчала, што я баяўся, а раптам гэта я ў забыцці чагосьці нарабіў. Таму на апошнія словы я не адрэагаваў.– Хто ў дом хадзіў? – сказаў Шчука. – Хто ведае почырк?– Ну-у, бацька... цётка... Вы... Ну, суседзі... Мар’ян... Зрэдку калегі па працы.– Адпадаюць.– Ну, на жанчын не падумаеш, – раптам сказаў Хілінскі, – дый была яна адна. І зараз яе няма.Я ўдзячны быў яму, што не даў мне назваць імя Зоі. Апошняя гэта справа мужыку каціць бочкі на жанчыну, якая была з ім.– Добра, – сказаў Шчука. – Гэта, напэўна, не звязана з усімі падзеямі, твая старая байка. Дарэчы, вазьмі кнігу і – вось тут на кальку зроблена некалькі копій... Арыгінал пакінем у сябе. А што ў цябе новага?Я коратка расказаў.– Вось гэта ўжо цікава, – сказаў Шчука. – І галоўнае, мы самі не ведаем пра расстраляных, хто, за што і як. Калі нешта цікавае даведаешся – гавары вось з ім, – кіўнуў на Адама. – А сам сваёй справай займайся.Эге ж, так я і магу заняцца толькі сваёй справай.– А пра таго Высоцкага, што ў трыццаць дзевятым павесілі, – цягнуў далей Шчука, – то я памятаю той працэс. Адзін з найбольш шумлівых. І сапраўды, казалі – падкладка палітычная. А больш нічога не ведаем. Архіў згарэў.