Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Я зноў наліў сабе вады і выпіў.– Чаго ты п’еш, як з пахмелу? – спытаў Хілінскі.– Нешта смага апошні час мучыць. І ў галаве дзіўны туман... Ну, а як наконт тых, расстраляных? А наконт тых, што забілі ў Кладна?– Кажу табе, – сказаў Шчука, – архівы згарэлі. Архіў суда – згарэў. Пра Варшаву і казаць няма чаго. І кладзенскі архіў гестапа таксама невядома дзе. Згарэў? Ці не схавалі толькі самі немцы. Вывезці не паспелі. Занадта хутка нашы ішлі.– Лічы, – умяшаўся Росцік, – 26 чэрвеня Віцебск, 27-га – Орша, 28-га – Магілёў, 3 ліпеня – Мінск, напярэдадні – Вілейку. Бачыш, як абкруцілі, абклалі. Тваіх кладзенскіх расстралялі 17-га. Ну, а Кладна мы ўзялі 18 ліпеня. І значыць, маглі не паспець тыя вывезці архіў і нарабаванае ведамствам Розенберга.– А што ты рабіў, што быў скандал у Альшанцы? – Хілінскі круціў у руках адну з істужак.– Замак фатаграфаваў, – змрочна сказаў я. – Выдам пасля плёнку японцам.– Прыціснуць табе калісьці твой доўгі язык, – буркнуў Грыбок.– Не прыціснуць, – сказаў палкоўнік. – Таму з ім і дзелімся. Таму і размова з ім ідзе тут, а не там... Нягледзячы на некаторых.– Стужка гэтая не палімпсест , – раптам сказаў Хілінскі. – Выскаблівалі пергамент па нейкай другой прычыне.– Маскіравалі нешта? – спытаў Грыбок.– Хто ведае? І думаю, што, можа, клей, якім прымацоўвалася стужка да прадмета, – пахмура сказаў Хілінскі. – Толькі што гэта за прадмет? Дзе яго знайсці? – І дадаў, гледзячы на тое, як я зноў п’ю ваду: – Усё ж думай і ты, Антось. Замест рэбуса.– Я той рэбус ужо і без прадмета разгадаў. Мяркую, правільна.– Схіляюся да тваёй думкі, Антось, што тут ёсць нешта, – сказаў Адам. – Наўрад ці чалавек не зашыфроўваў бы нешта не важлівае. Але... не лезь занадта ў справы Андрэя і унь... Росціка. Твая справа – гісторыя. Твая справа – вось гэта. А ты яму часам падай толькі тое, што палічыш як патрэбнае... І яны табе патрэбнае скажуць... Што цябе тычыцца. Дапамогуць. Але дапаможаш пасільна і ты.І ён з націскам сказаў:– Калі вырашаць за патрэбнае заняцца справай.– Смерць майго Мар’яна – і не палічыць за патрэбнае?..– Бо гаварыць пра свае справы з іншымі, – перабіў ён мяне, – яны не любяць. А часам проста не маюць права. І ты іх не вінаваць. Не лезь да іх, а яны – да цябе. Калі нешта сур’ёзнае здарыцца – разбяруцца самі.Я быў ледзь не ў ярасці, хаця й халоднай. Не лічыць за сур’ёзнае – такое?– Не лезь ты ў бутэльку, – сказаў Шчука. – Калі гэта было забойства – рана ці позна яго раскапаюць.– Хто гэта раскапае?– Мы.– Што ж, памагай бог, – суха сказаў я.Хілінскі выйшаў мяне праводзіць. Стоячы на гэтай занюханай пляцоўцы, размаўлялі.– Слухай, што гэта абазначае, тваё В?– Тры, – сказаў я.– Гм. Ну добра. І вось што, паспытай, хто такі Боўбель. Банды якога ў вайну і пасля вайны каля Альшан хадзілі.– Што, так важна?– Шчука лічыць.– Тады можна.– Лухта нейкая атрымоўваецца з гэтай палосай, – сказаў ён. – Акрамя вось тут: “Слуцкай брамы” і слова “смага”.– Чаму так? – Не ведаю... Ну а як, рыбка там у вас ловіцца?– Не ведаю, – у тон яму адказаў я.– Спытай, калі ловіцца, можа, й я да цябе пад’еду. А што яшчэ рабіць пенсіянеру?– Ведаеш, пенсіянер, – сказаў я. – Каціся ты да такой матары...– Качуся, – усміхнуўся ён і зачыніў дзверы.

РАЗДЗЕЛ ХІVПра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйкаІ зноў калоціць машыну па дарозе Езна – Альшаны.Калі гэта можна, вядома, назваць дарогай.