Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Не кажы, – сказаў Ганчаронак, – можа, яму так проста зручней. Каб не чапляліся... Знікае часам на некалькі дзён.– Угм, – звярнуўся да яго Высоцкі. – Памятаеш Рохлю – вар’ята? Кім ён пасля, пры немцах, выявіўся? У адной машыне з шэфам кладзенскага СД ехаў. Вось як, мае вы галубочкі.– Кінь, – раптам не вытрымаў і я, адчуваючы, што змена тэмы нічога не дала, што не адчапіцца нам ад тэмы вайны і людскіх пакут. – І не вярзіце на пакрыўджанага чалавека. Самі казалі, што нешта бачыў і... Ды ўрэшце самі памятаеце, як ішлі мы паўз млын, а ён мяхі насіў. І сабакі за ім.– Праўда. – Шаблыка раптам засмяяўся. – І адна, відаць, помесь з таксай. Падобная на пыласос “Ракета”.– Кепскі смех, – сказаў я. – А ён убачыў нас і крычыць: “Сышчык пракляты! Падводка гіцляў! Замак яму? Сышчыкам выдаць! На след навесці! Ну, пачакай! Мы табе!” Хто гэта мы? Хто з нас падводка? Ты, Тодар? Шаблыка? Высоцкі? Я?– Псы за сволаччу хадзіць не будуць, – строга сказала Гайдучык. – Бо адчуваюць, хто іх любіць, хто нязлосны.– Глупства, – раптам сказаў “каўбой”. – Гітлер унь таксама любіў сабак і дзяцей. Ды справа ў тым, што любіў ён выключна нямецкіх сабак і нямецкіх дзяцей. Дый то далёка не ўсіх. Іначай не блукалі б у нас па лясах лагерныя адзіночныя псы і не плакалі б нямецкія дзеці...“Не, яны ўсё ж атручаныя вайной. А можа, у гэтым і ёсць сакрэт усіх апошніх падзей? Айнзацкаманда? Высяленне вёскі? Помнікі расстраляным? Хто ведае? Усіх зачапіла. Нават Ганчаронка з яго з’едлівай дабрадушнасцю. Нават Высоцкага. А Лапатуха? Мо сапраўды не вар’ят? І праўда, чаму знікае?”...Ішлі мы да Альшанкі ўжо ў цемры. Астатнія пайшлі другой дарогай, і толькі нам з Высоцкім выпадала ісці разам.– Так, – зноў завёў ён сваю шарманку, – і чаго яны ўсе счапіліся? Па-мойму, дык жыві ціха, хоць фурманам, і нікуды не лезь.– Дарэмна. Вы чалавек з розумам. І пэўным імкненнем да пашаны.Я ўспомніў, як ён адрэагаваў на “тубыльца” ў Езна.– Не лезу.“Ну так, – падумаў я. – Траюраднага за польскім часам павесілі ў трыццаць дзевятым. Невядома за што і ці не за нешта, звязанае з палітыкай. Стрыечнага немцы ў Кладна ў сорак чацвёртым. Тут напалохаешся. Ды толькі ўспомні, колькі ў вайну загінула і не за палітыку”.А ён, нібы адгадаўшы мае думкі, сказаў:– Хоць саву аб пень, хоць пнём аб саву – саве ўсё адно. І не хачу я гэтага. Адпрацаваў, памыўся ў лазні ці ў рэчцы, стопку ўзяў, павячэраў – жыву. Уначы прачнуўся – жыву. Коні хораша пахнуць – аж смяюся ад радасці – жыву. І гары яно ўсё ясным гарам. Мне ўсе гэтыя галавасечкі – да...Я толькі плячыма паціснуў....Наступнага дня я, узяўшы ключ у Мультана, абследаваў тое падзямелле пад вежай, дзе былі краты. Нічога незвычайнага: той жа пыл і той жа друз. Толькі што некалькі заваленых хадоў у невядомае. Дальбог, хоць ты лайся.Калі выбраўся адтуль, згасіўшы ліхтарык, была тая мяжа паміж сутоннем і ноччу, калі пачынаюць міргаць першыя зоркі. Поўня, аднак, яшчэ не ўзышла. Толькі неба з таго краю было крыху святлейшае. Я не спяшаўся дамоў. Прыемна было прайсціся, калі абвявае аблічча майская ноч. Такая мяккая, нібы дарагія рукі гладзяць твар.Я выйшаў брамаю, перайшоў масток і рушыў было да плябаніі, калі мне здалося, што нешта выслізнула за маёй спінаю з паркавага падлеску. І на гэты раз памылкі не было: я пачуў шолах крокаў, што аддаляліся ад мяне ў бок брамы.Цікаўнасць нарадзілася раней за мяне, таму я пачакаў трохі і накіраваўся ўслед. Мінуў жарало ўвахода. Здалося мне ці не ў слабым зарыве, якое ўсё мацнела, што мільгнуў двухногі цень і што гэты цень меў на галаве кепку казырком назад.