Чорны замак Альшанскі, ч. 2

“А, чорт! Ну гэта трэба праверыць. Толькі трэба крыху пачакаць, пакуль ты не зоймешся сваёй справаю ўпрытык”.Я выйшаў на сярэдзіну двара і прысеў там за купаю бітай цэглы, трымаючы ліхтар напагатове.Цярпенне маё было ўзнагароджана. Ішлі хвіліны, і не ведаю, колькі іх там праплыло. І раптам ці не ў байніцы “маёй” падазронай трэцяй вежы, здаецца, міргнуў на імгненне агеньчык, а пасля адтуль даляцелі глухія ўдары чагосьці цвёрдага аб камень.“Можа, ломам? І чаму тады, падчас інцыдэнту, бурылі таксама тут?”Красціся ў той бок было вельмі нязручна. Ногі небяспечна падварочваліся на камянях.Вось і цёмная дзірка ўвахода. Нясе брыдкай тхланню, нібы са спрадвеку не чышчанай прыбіральні. Я слізнуў у вежу. Сапраўды, аднекуль удары. І зверху, і нібыта аддаецца знізу.“Прабівае нехта мур? Нашто?”Прамень майго ліхтара ўпаў на мур – так, свежыя адколіны на цэгле. І ўдары, глухія, нібы з самой сцяны, адразу заглухлі.Я павёў ліхтаром угару, па слупе абваленай вінтавой лісвіцы, туды, дзе люк, што вядзе ў ніжні ярус вежы. Люк чарнеў непрагляднай цемрай.І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпна яркі сноп святла. Асляпіў.Я адступіў ад яго хутчэй машынальна, але, па дурасці, ліхтара не згасіў. І тут жа на тое месца, дзе я толькі што стаяў, глуха вухнуўшы, упала вялікая каменная брыла са слядамі свежаадбітай цамянкі.Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла. Дуэль ліхтароў. Зноў я, нібы прадчуваючы нешта, адскочыў. І тут жа нешта дзынкнула ў сценку. Ледзь не па тым месцы, дзе толькі што была мая галава. Павёў туды ліхтарык – мокрая пляма на камені, а ўнізе падрузгатаная пляшка і – з жахлівай яснасцю – этыкетка з надпісам “Ласітэ”.Грукат недзе наверсе. Ніжэй і ніжэй. Цішыня. Нягледзячы на цішыню, лезці туды аднаму наверх было б шаленствам. І я, нясолана сербануўшы, выбраўся вонкі.Поўня ўжо была досыць высока. Няпэўнае святло яе скрала брыдоту запушчанага двара з гноем і купамі камення. І, наадварот, падкрэсліла ўсю пачварную веліч гэтых муроў і вежаў. Няроўныя муры, вежы, як гранчатыя скалы, цёмная палоса галерэі.Мне захацелася быць у першым лепшым месцы, абы не тут.І я пайшоў.“Ласітэ”. “Кропелька” па-латышску. Адкуль у Лапатухі, калі гэта быў Лапатуха, латышская паляўнічая гарэлка? Ды яшчэ й рэдкая”.Хацелася яшчэ раз акінуць позіркам увесь гэты чыгунна-чорны гмах. Пры месячным святле. Я азірнуўся. Там, дзе падала святло, чэрнь была з адлівам у блакітнае. У зацемненых месцах, у нішах і на галерэі, панавала безвыходная цемра, так што раптам уставала перад вачыма своеасаблівая рэльефнасць гэтай махіны.І тут я не паверыў сваім вачам. У цёмным правале галерэі, ад вонкавых сходаў, што вялі на яе, павольна паўзлі два цені, цьмяна-светлы і чорны.Ногі мае прыкіпелі да месца. Цені, сапраўдныя цені, ішлі па гульбішчы. Аслупянеўшы, я прастаяў на месцы невядома колькі. І толькі потым кінуўся да шырокіх, месцамі павыбіваных сходаў. Забыўшыся на магчымую небяспеку, забыўшыся на ўсё, акрамя адзінай думкі: убачыць, праверыць, схапіць.Узляцеў. Нічога. Толькі дымнае святло блукала аркадамі. І цемра ляжала пад скляпеннямі. І нічога болей. Ані душы, хаця выйсці ім не было куды, акрамя сходаў, якімі ўзбег я.Нічога і нікога.“Чорт пабірай, – думаў я, ідучы да плябаніі, – значыць, усе яны мелі нейкую рацыю, калі гаварылі. І Мультан, і іншыя, і даўні паэт. Вось вам і паршывы беларускі рамантызм?! Ці гэта ўжо я супрычасціўся да мясцовага вар’яцтва?