Чорны замак Альшанскі, ч. 2

У ноч, калі чорныя дрэвы ціха дрыжаць ад жаху,Па галерэях праходзіць дама з чорным манахам.Халера б вас пабрала! Усіх!”...Заўтрашні дзень прыйшоў ясны і сонечны, у рэдкім пошуме маладой, свежазялёнай лістоты. У “маю” вежу адправіліся і Сташка з кампаніяй, і Мультан з мультаняткамі, і нават сам старшыня Альшанскі.І поўны канфуз. Ніхто б не паверыў мне, каб не свежыя адколіны ўнізе, святлейшая колерам, незапыленая цэгла. Але ўсё астатняе было ўсім, чым хочаш, толькі не тым, што яшчэ ноччу я бачыў на свае вочы. На доле грувасцілася гара каменных асколкаў, друзу, цамянковага пылу. Велізарная каменная брыла, цэлы валун, заторкнула, нібы корак бутэльку, лесвічны люк і небяспечна вісела над галавой. Відаць, абурыліся перакрыцці другога, а можа, і трэцяга ярусаў. Разбіраць гэты хаос знізу было смерці падобна. Зверху доступу туды не было.– Ну вось, – уставіў свае тры грошы Альшанскі. – А хтосьці казаў, што гэты будынак на вякі.– Так, – сказаў я. – Калі яму ніхто не дапамагае ўпасці. А хто ведае, ці не дапамаглі гэтым перакрыццям сёння ўначы?– А чорт яго, – дыскантам сказаў Мультан і дадаў басам: – Падобна на тое, што і дапамаглі...– Тут бульдозерам расшчышчаць, – па-блазенску сказаў Генка.– Угм, – сказаў Альшанскі. – Каб быў такі бульдозер, што лазіць па сценах.– І каб нехта вам дазволіў гнаць на помнік культуры бульдозер, – кінуў я. – Хаця... гэта часам дазваляюць. Тут вось што, тут трэба ўваход заваліць. А то Стась або Васілёк Шубайла могуць палезці і...– Гэтых шалапутаў вёска ведае, – сказаў Альшанскі. – І пра здарэнне вёска ведае. Завалім.– Адкуль вёска ведае? – спытаў Генка.– Гэ-а, голубе, – кінуў Мультан, – на тое яна і вёска. Ты толькі што тут чарку збярэшся хільнуць, а ў Альшанах будуць ужо казаць, што ты дзве гадзіны як казлы дзярэш. Вось жа ведае аднекуль Ганчаронак, Вячорка і іншыя. А між тым у іх... як гэта... ну, калі мяне тут не было, бо я пад Мінскам свінні пасвіў.– Алібі, – сказаў Альшанскі.– Во-во. Яны ж зноў у Езна ездзілі.– Правільна, – сказаў старшыня. – Нарад быў. Мы выйшлі праз браму, і адразу стала нібы лягчэй дыхаць. Я сказаў пра гэта.– А вы падзякуйце ўсім, хто тут стагоддзямі гной капіў, – кінуў Шаблыка. – І панскаму, і чатырохногаму калгаснаму.– Ён не пра тое, – сказаў “каўбой”. – Маральна, як кажуць, тут стала лягчэй дыхаць. Жывыя людзі. Жывуць, смяюцца, працуюць. А нехта калі, часам, і ў вуха дасць, то й тое лягчэй.Зноў трэ было пераводзіць размову на іншае. І я, як заўсёды, зрабіў гэта няспрытна:– Чаму гэта, Нічыпар Сяргеевіч, у вас прозвішча такое? Вы што, з тых Альшанскіх?– Гэ-э, не абражайце, – сказаў здаравенны, як конь, старшыня. – Што, я падобен?– Ды звонку не.– Па-вулічнаму яны “Шаўцы”, – умяшаўся прыгорблены дзед Мультан.– Так, – сказаў той. – Але, самі ведаеце, паны часам свае прозвішчы прыгонным давалі, каб адрозніць. Ну і дзеля смеху давалі. Дакументаў не было. Ну й вёска з часам звыкнула.Археолагі на чале са Сташкай накіраваліся на сваю Белую Гару (дай ім бог, каб ім там болей пашанцавала, чым гусітам на Белай Гары і сербам на Косавым полі), а мы пайшлі міма млына да вёскі. І тут зноў нарваліся на сцэну з “Барыса Гадунова”. Ля грэблі сядзеў у атачэнні сваіх псоў увесь белы, напудраны мукою, як П’еро, Людзвік Лапатуха ў славутай сваёй кепцы і, заўважыўшы нас, пачаў, невядома ў каго, торкаць пальцам:– Жывы? – Мяне аж прамарозіла, калі я ўспомніў начную брылу каменя. – У цябе ж кроў з грудзей. Як у Ганчаронка. Як у фурмана. Сам бачыў у іх, сам... Уваскрос? Пярэварацень. Ваўкалака.