Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Што гэта з ім? Нашто на нас?Мы ўжо мінулі яго, і тады Альшанскі крэкнуў і паклікаў да сябе мажную румяную кабетку.– Наш загадчык медпункта. Ану, растлумачце, Агатка, што то такое Лапатуха. А то ён, Косміч, нешта на ўсіх касавурыцца пачынае.– Сапраўды, на жаль, вар’ят, – з харошай сумленнай усмешкай сказала яна. – Камісія пасля вайны была. І два гады назад. Няшкодны толькі вар’ят.Я падумаў, што калі тая брыла “няшкодная”, то які чэрап павінен мець чалавек, каб гаварыць аб “шкоднасці”. І яшчэ падумаў, што я не веру ў яго вар’яцтва. Бо адкуль ведаў пра кроў? І яшчэ, калі ён і сапраўды вар’ят, то ведае аб нечым болей, чым мы, нармальныя. І маўчыць. Ці не можа сказаць.Ішлі далей. І тут Альшанскі мяне здзівіў: рэдка калі мне даводзілася чуць у чалавечым голасе такую шкадобу і такое спачуванне:– На жаль, сапраўды не ў сабе чалавек. І, на жаль, сапраўды пасля нечага страшнага... І адкуль такая жорсткасць у некаторых дзяцей? Гульня ў вайну. І адзін на гэтага няшчаснага “стрэльбу” навёў. Дык той заплакаў: “Хлопчык, не трэба”.– Ну і што?– Лупцоўку вісусу даць давялося, хаця і апошняя гэта справа.Праз некалькі хвілін мы разышліся. Я пастаяў, пачухаў макітру і нічога разумнейшага не прыдумаў, як накіравацца да чарговага “сумніцельнага” ксяндза. Ну ясна, каго ж падазраваць, як не ксяндза? І, ясна ж, прыйшоў якраз у час. Айцец Леанард Жыховіч вёў бяседу, амаль хатнюю і душакарысную, з дружкамі і будучымі маладажонамі (“Хай жэняцца, больш старцоў будзе”, – сказаў бы мой гаспадар Вячорка), тлумачыў ім нешта накшталт таго, што яны павінны ўсур’ёз падумаць, пакуль не позна, бо касцёл разводу не прызнае і, значыць, гэта на ўсё жыццё. Тут я згадзіўся з ім. Сапраўды, няма чаго заводзіць валынку наконт вяселля, калі гэта на адзін месяц. На адзін месяц – можна не турбаваць ні загс, ні свяшчэнніка. Бывае і так, але лепей не варта.Я паплёнтаўся да выхаду, прочкі, і тут зноў задумаўся, каго мне нагадвае статуя з зялёнага мармуру, падобнага на нефрыт.Так і не дадумаўся. А на мяне, на надгроб’е, на ксяндза і іншых глядзеў драўляны старадаўні свенты пакутнік Себастыян, працяты шматлікімі стрэламі, які, здаецца, не канаў, а знаходзіўся ў стане найвышэйшага, з усіх вядомых, чалавечага экстазу.Рабіць мне, пакуль тое, не было чаго, і я пачаў блукаць па вёсцы, як Марка па пекле, тым болей што было цёпла і раскошнае, яшчэ не запыленае, першае лістоцце аж свяцілася, нібы ў сярэдзіне кожнага дрэва быў схаваны моцны тэатральны ліхтар.Але я і так зацягнуў “казань”. Таму дазвольце – пункцірам. Убачыў я “каўбоя” Змагіцеля, які спускаўся з Белай Гары са Сташкай і – гэта мяне чамусьці прыемна ўразіла – чародкай дзяцей. І ўсё ж я змрочна сказаў:– Дзень школьны. Час школьны. Чаго вы адтуль?– Вольных было чатыры гадзіны, – усміхнуўся “каўбой”. – “Вокан” нарабіў завуч, чорт такі. Пайшлі на раскоп. Вершы чыталі.– І не нагарае?– Яшчэ як. Але што ж з іх вырасце, калі такога часам не рабіць?– А вы?– А мне бакі не купляць. Як усім, хто на “ігрышчы, дзе... гудуць у кантрабас”.– А адкуль вы? – спытала Сташка, і я ўзрадаваўся.– Ад касцёла. Што там такое ксёндз?– Бог яго ведае, – сказаў Міхась. – Мне здаецца, тут усе нейкія... Гм. Увесь нейкі памешаны на хадах, на катакомбах пад замкам... Дзеці, куды?!Тыя, сапраўды, палезлі былі цераз хісткія дубовыя парэнчы ледзь не ў рачулку, якая тут разлівалася невялікім стаўком. А да нас падбіліся Стасік ды Васілёк Шубайла. І яна гладзіла іх па спалавелых ужо зараз ад сонца галоўках. А я раптам адчуў, як гэта было б прыемна, каб гэта мае ды яе. І адначасова ўсвядоміў, што з ёю, значна маладзейшай, гэта немагчыма. Пра іншае трэба было. І таму я спытаў: