Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Ас вылез з-пад ложка і зноў аблізаўся.– Ведаеце, што мне прыйшло ў галаву? З Шаўчэнкі.– Ведаю, – падумаўшы, сказаў ксёндз. – Як дзеці на Вялікдзень на саломе хваліліся. Таму бацька чобаты справіў. Той маці хустку купіла... “А мені хрещена мати лиштву вишивала”.– Правільна, – “А я в попа обідала”, –Сирітка сказала”.– Но, то чаму “папу” і праз сто год з гакам не накарміць “сіротку” абедам? Думаеце, я не бачу, як вы на мяне ў “век ракет і атамаў” глядзіцё? Праз “хады” і “таямніцы”.– Я не гляджу.– То ж бо. І хаця апраўдвацца ні перад кім не хачу – перад вамі чамусьці хочацца. Адчуваю нешта...– Не трэба апраўдвацца.Жыховіч задумаўся. Нават твар ягоны абвіснуў, пацяжэў.– Асаблівай ахвяры ў гэтым маім учынку не было. Мне і дагэтуль сорамна, што я паднёс царкве нягодны дар, але гэта праўда, ахвяры не было.Рука яго гладзіла вушы Аса.– Быў я дужа рэлігійны. Больш, чым зараз. І ў вайну быў упершыню закаханы. І – рэч амаль несумяшчальная – быў у падполлі... Яе схапілі, як я раніцай пайшоў па цыгарэты... Курыце... Пасля вайны я стаў ксяндзом... Асаблівай ахвяры не было....Я брыў ад яго і думаў, што сапраўды мы ўсе атручаныя бойкай. Магчыма, вар’яты. Але адкуль я ведаў, хто, што і як. Хаця б той ксёндз Жыховіч.А меў вечар трагікамічную развязку. Досыць цяжкую і досыць камічную. Я прыйшоў у сваю бакоўку і заваліўся спаць. Досыць рана. І нават у сне адчуваў, як у мяне баліць галава. Нешта з ёю ў апошні час рабілася. Усё больш небяспечнае.Сон быў таксама цяжкі. Тая самая галерэя, на якой тады бачыў я цені. Малады бялявы напаўхлопец-напаўмужчына (высокі, магутныя мускулы і дзіцячыя вочы, такія сінія, як рэдка бывае нават на гэтай зямлі). Маладая жанчына, чамусьці вельмі падобная да Сташкі.– Я не магу, – шапацела яна. – Ён выдаў нас, выдаў сяброў, выдаў цябе.– Не толькі выдаў, – кінуў ён. – Прыбраў усё майно паўстання. Як ты магла калісьці пайсці з ім?– Я тады не ведала цябе. І я не ведала, што ён можа...– Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік , – прагучаў глухі, але прыемны голас, і я ўбачыў, што да іх падыходзіць дужа худы і высокі, светлавалосы чалавек.Тут я здагадаўся, што гэта Грыміслаў Валюжыніч, ініцыятар “удару ў спіну”, жонка Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага Ганна-Гардзіслава і дойлід касцёла, вежы якога, адзетыя рыштаваннямі, ужо ўзвышаліся над мурамі вонкі.– Гэты ісцінстваваць не будзе, – сказаў Грыміслаў. – Для яго ёсць дзве очыны . Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы .– Родныя, – сказаў дойлід, – ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм з грашыма. Яны не належаць яму. Яны – людскія, вашы. Тых, што ўсталі. Уцякайце. Сядайце недзе на Нёмане на окрут і некуды ў немцы. Пасля вернецеся, калі зноў прыйдзе ваш час, калі трэба будзе купляць зброю. Здрадны род. Што продак Пятро, які князя Слуцкага выдаў, што гэты.– Што, коні ёсць? – спытала жанчына.– Ёсць коні, – сказаў Грыміслаў. – Ключаюся з табою, дойлід. Але столькі рэмняў золата, столькі каменняў, столькі сажоных тканей – хіба іх павязеш у саквах?– Бярыце частку. Астатняе перахаваем тут.– Я не хацеў, – сказаў Валюжыніч. – Але зэлжыў ён самае наша беларускае імя.– І няхай застанецца ні з чым, – жорстка сказала жанчына. – Без мяне і без скарбаў. Такі пакон . І няхай нас адтамталя дастане, акрутны, апаёвы псарэц . У яго свая судба , у нас – свая. А табе, вялікі дойлід, дзякуй ад нас і ад бога.