Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Дзякуй скажаце, як усё скончыцца добра.…І вось падае ўжо на толькі што засыпаную яму вялізны спілаваны дуб (дзе я чытаў пра такі спосаб захаранення скарбаў? – адзначае ў сне падсвядомасць), і вось ужо й следу няма, і ноч вакол.…І вось ужо рвуцца ў ноч, прэч ад муроў замка дзікім лесам два коннікі. У аднаго пры боку доўгі меч, у другога, меншага, корд. Зніклі. Але праз некаторы час у нехлямяжых вежах чорнага гмаху замільгалі агні, забегалі па галерэях. Шматгаловая конска-чалавечая маса закішэла, заклубілася ў двары. З бязгучнасці нарастаў, рабіўся нясцерпным пагрозлівы гук.І вось худы чалавек падымаецца па рыштаваннях вежы касцёла. Стаіць і глядзіць у бок бязмежных лясоў, дзе недзе далёка – Нёман. І тут праганая растапыраная пяцярня штурхае яго ў спіну, і ў вачах непаразуменне… Імкліва набліжаецца зямля.І гэта ўжо нібы не ён, а я падаю, як некалькі год назад са скалы на Карадагу (дзіва і ўласная кемлівасць тады ўратавалі мяне ад непазбежнага, – адзначае падсвядомасць).Гэтага дзіва не ўратавала. Я зноў гляджу зверху. І ён, маленькі зверху, ляжыць на зямлі, як лялька… Зноў я ўнізе. Над трупам стаіць каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота. Срэбратканая чуга падае шырокімі складкамі. А насупраць яго досыць ужо летняя жанчына ў чорным.Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі і ягоная сястра.– Пакладзіце ў корсту, у мёд, – горка кажа жанчына. – І ў Кладна да бальзаміроўшчыка.– Ты, можа, і ў касцёле яго пакладзеш?– Не толькі пакладу, але й піжмом удастою. Ён рабіў – яму і ляжаць.– Ну ясна, вы ж размілаваліся. А тое, што ён спраўца1 таго, што яны дабро маё паплюндравалі, што ў зэшлым часе2 продак Пятро здабыў, што я здабыў?– Здрадай вы яго здабылі. Зэлжылі імя беларускае, імя Альшанскіх. І шкада мне толькі, што я ў зэшлыя часы не магла прыдушыць яго ў калысцы. І цябе таксама. Бо малодшая была. І гэта наша агульнае валоданне, каго хачу, таго і кладу. І контарфект3 над труною яго, беднага, несвоечасова павешу. І проўсты4 над ім месяцамі спяваць будуць, каб узрадавалася ягоная душанька.– Ну, ён і цела не забываў.– Затое ты забыў, смакоўніца бясплодная. Макула5 на нашым народзе, хробак, туляп. Ты і з жанчынамі можаш толькі партаці6. То што дзівіцца, што сапраўдная ад цябе ўцякла? Ад цябе ўцякла б і касарылая.– І не баішся?– Чаго? Ляпёшкі пагною7, кучы ўмёту8?– Ой, глядзі.– Каралю б я данесла пра твае выбрыкі, ды мярзячка9 мяне бярэ глядзець на цябе. Глядзі, – і яна паказвае на вежу.І зноў падае чалавек. І зноў дзікі крык. Падаю я.Я прачынаюся, заліты халодным потам. Настолькі гэта жыва. І не адразу разумею, што ляжу ў бакоўцы і што мяне торгае Мікола Зеляпушчанак па мянушцы Вячорка, мой гаспадар.– Анцю, уставай… Мы з кумам. І так нам без цябе сумна, так сумна, – ён усхліпвае. – Мы плачам. Плачам. Уставай, Анцю.– Добра, зараз, – я разумею, што не адвяжацца і што лепей зараз выйсці, а пасля непрыкметна пайсці: хутчэй за ўсё яны і не заўважаць.Калі я прыйшоў на палову гаспадара, то ўбачыў гаспадыню на печы, стол, застаўлены стравамі і параю “гусакоў”, а за сталом кума, невялічкага, лысага, як калена, чалавека, і гаспадара.Спачатку я хацеў адразу пайсці, але пасля “размова” зацікавіла мяне. Вячорка філасофстваваў, а гаспадыня (гэтага я не мог зразумець) ціха смяялася на печцы.– Усё на свеце – паразіт. І мурашка паразіт, і пчала паразіт, і авечка паразіт, і воўк паразіт, і ты паразіт, і я паразіт.