Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– Я не паразіт, – запярэчыў кум.– А хто калісьці ў калгасе яшчэ мех жыта ўкраў?– Я не краў.– Ну ўсё адно. Ды ты паглядзі на сябе. Ва ўсіх сумленных людзей чупрына на галаве, а ў цябе – плеш. І кажаш, што не паразіт.Торкаючы відэльцам у талерку, няшчасны кум стараўся перавесці размову на іншыя, больш прыемныя, рэйкі:- А я сала ем.– Вось-вось! – І з абурэннем: – Ды чэсныя людзі – мьякіну! – ядуць. А ты сала. І кажаш, што не паразіт.Я пайшоў і сеў у кветніку. Галава пасля сну і ўсяго балела несамавіта. Трэба было менш курыць. Ясна, што тут забаліць што хочаш. І гэтыя нажэрліся гары. Як няшчасце гэта нейкае на люд. А за акном зноў размова, высакапарная.– …прыкрашае траву тым, што яшчэ нядаўна было высакаякаснай беларускай ежай. Аж шкада стала. Такі прадукт зглуміў, – і пасля паўзы: – Аднаго поля ягады. Што Лапатуха, што Альшанскі Нічыпар, княскае адроддзе, што гэты юрод айцец Леанард, пацук такі.“Трэба з’язджаць, – падумаў я. – Да Мультана. Іначай спакою не дадуць, п’яныя чэрці. І ўвогуле, чорт ведае што. Усе ў акрузе нейкія звіхнутыя, а ўсё, што даведаўся за дзень, не вартае і выедзенага яйка”.

РАЗДЗЕЛ ХVПра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое,як забіваюць чалавекаі ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэтаРаніцаю я другі раз зайшоў са сваёй прапановаю да дзеда Мультана. І мне спадабалася ў яго яшчэ болей.– Калі ласка, – сказаў ён, – мне што? Толькі начамі самотна будзе. Я начамі хаджу.І вось я перабраўся ў другі пакойчык небывала вялікай “вартоўні” дзеда. Той, асабліва прытульны, нягледзячы на запушчанасць. Прытульны ад старых партрэтаў, ад складу непатрэбных ікон у адным з кутоў, ад таго, што адны дзверы (другія вялі непасрэдна ў дзедаву вартоўню) і акно выходзілі проста на абсады і цераз нізкі каменны мур – у цяністы ўжо зараз сад. Калі высунуцца ў акно, справа было відаць “першакасцёл”, да якога пасля быў прыбудаваны гмах навейшага з яго цудоўным іканастасам моранага дубу з пазалочанымі фігурамі (роўны яму мне давялося бачыць хіба што ў Будславе).Першым госцем быў Шаблыка. Прынёс вялізны пачак паперы: нямецкія лістоўкі і нашы лістоўкі, газеты, у якіх казалі аб нападах партызан і аб нападах на партызан. І аб расстраляных дзеячах руху апору, і аб заложніках. Было нават з дзесятак нумароў “Нашага шляху”.– Нашто ты гэта г… трымаеш?– Трэба ведаць, хто ёсць хто і хто быў хто. Нават калі гэта бессаромная прапаганда. Гэх, браток, колькі такой бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я пасля вайны “Індыйскую грабніцу”. Вывад: “немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе”. Нейкія там фільмы пра “Агента 007” – “англічанін спрытны хлопец, паўсюль пройдзе”… Цьху! На жаль, нават першакласныя людзі часам не паўсюль праходзяць. “Тому в истории мы тьму примеров слышим”. Вось, можа, нешта цікавае пра тых і знойдзеш. Хаця наўрад: у апошнія дні тым было не да газет… Вось дастаць бы газеты тых часоў, калі брат Высоцкага правакатара забіў. Хаця адкуль іх дастанеш? Такі пажар пракаціўся.– Ну, мабыць, не ўсё ж згарэла.З другім візітам з’явіліся Васілька Шубайла і Стасік Мультан. І мы адразу пашыбавалі з імі да лазу ў падпол касцёла, проста квадратнай адтуліны, за якой ход ішоў уніз, як быццам тут збіраліся ссыпаць у бункер бульбу.– Вы, дзядзька, можаце плячыма не пралезці, – сіпатым шэптам сказаў Васіль. – Пралезе. Рукамі наперад. Там нешта накшталт прыступкі. Да яе сантыметраў пятнаццаць.