Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Яны слізнулі туды, як маляўкі пад камень. Але нічога, пралез і я. Адна рука наперад, другую – пад сябе, каб далонню падштурхоўваць чэрава. Непрыемна, калі звісаеш над пустою цемраю.Але і сапраўды, не больш чым пятнаццаць сантыметраў да каменнай пляцоўкі.Не люблю я гэтых падзямелляў, асабліва запушчаных. Затхла, паўсюль кавалкі атынкоўкі, стаяць саркафагі, і ў кожным нечае былое жыццё. Вартае ці не вартае гэтага саркафага – іншая справа. І асабліва мяне мярзіць такое відовішча пасля таго, як давялося мне бачыць “зацны гроб” аднаго вялікага саноўніка былых часоў. Мумія ляжала ў мундзіры пры ўсіх рэгаліях, але… без портак. Порткі былі суконныя, і іх з’ела моль. Варта было ліслівіць, царадворстваваць, выракаць людзей на горшае, забіваць іх, каб пасля ляжаць без портак.– Вось дойлід, – сказаў Стах. – Камісія нейкая з год назад прыязджала, здымала века. Як жывы, ляжыць, толькі трохі ўсох.Галасы нашы гулка выбухалі пад скляеннямі, так што й гэтых маглі б разбудзіць. І ўсё ж я непамерна здзівіўся, калі паўзмрок прарэзала вертыкальная смуга святла. Нечакана павярнулася вакол восі вялізная і, як я цяпер бачыў, непамерна тоўстая дошка (раней я думаў, што проста на ёй калісьці нешта было напісана, ды фарба злезла), і ў гэтым святле ўзнікла постаць чалавека са свечкай у руцэ.– Хто там? – спытала постаць, і я пазнаў ксяндза. – А-а, гэта вы?.. Якім чынам вы тут?Я паказаў рукою на лаз.– Нашто ж вы так? Я сам бы мог паказаць. І было б зручней.– Прабачце, дзеці сказалі, што іншага ходу няма.– І дарэмна сказалі. Ну добра, дзеці, ідзіце, гуляйце.Ён паказаў на патайныя дзверы, але малыя кінуліся ў лаз.– Каб мне іхні спрыт, – усміхнуўся ксёндз.– Яго ў вас і зараз хапае.– Не. Для некаторых рэчаў ужо не. Тут пад касцёлам, дый пад замкам, цэлая сістэма хадоў. Кажуць, ёсць і ход, што злучае касцёл і замак. У некаторыя з іх я не рызыкую хадзіць. Дужа рэдка не хапае смеласці. Часцей – спрыту. Хочаце, я вам некаторыя пакажу.– Чаго ж, ахвотна, – я падумаў, што, можа, гэта ў нечым дапаможа маім пошукам.– То хадзем.Я праціснуўся за ім у атвор. То была нейкая касцельная прыбудова (я кепска разбіраюся ў гэтай тапаграфіі). Жыховіч адамкнуў нейкія нізкія дзверы, і вачам адкрыўся нешырокі калідор з нізкай скляпенчатай столлю. Гэта было падобна на пячоры ў Кіеўскай лаўры. Толькі што вакол быў дзікі камень, а не сцэментаваны пясок.– І доўга ён цягнецца? – Мы прайшлі ўжо, мне здалося, метраў сто пяцьдзесят, і канца гэтаму не было відаць.– Да канца не даходзіў. Тут ёсць і іншыя хады, бакавыя, але я іх не ведаю. І ніхто не ведае. Тут падчас татарскага набегу недзе ў тысяча пяцісотым, ці што, годзе хавалася ўсё насельніцтва Альшан і навакольных вёсак.– То што, катакомбы старэйшыя за касцёл?– Непамерна старэйшыя.Я ішоў наперадзе. Раптам я адчуў нібы павеў нечага па твары. Полымя свечкі затрапятала, адбіткі замітусіліся па камені.– Асцярожна!У той самы момант я паслізнуўся, адчуў, што падаю, і раптам адчуў неверагоднай сілы штуршок у спіну. Такі, што ўзляцеў у паветра, мабыць, з метр патрымаўся так, а пасля не дужа мякка прызямліўся ў пыл, адчуваючы, што ступакі мае вісяць над пустатой.– Езус Марыя! Матка Боска Астрабрамска. Матка Боска Бытэньска.– Што гэта было?– Студня. Я ж сказаў, асцярожна!Я сапраўды ледзь пераскочыў дзякуючы ксяндзоваму штуршку круглы чорны правал у падлозе. А можа…– І чаго вы паслізнуліся? Ну так і ёсць, – ён узняў свечку ўгору. – Калонія кажаноў! Бач, за зіму які блін на падлозе атрымаўся.