Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Ён звесіўся і правіснуў, гледзячы ўніз. Пасля ўзяў каменьчык і кінуў у чорную пашчу. Праз незлічоныя стагоддзі адтуль даляцела нібы звонка, а нібы і глуха: “Глок”. Тут мы абодва, калі аб гэтым можна меркаваць пры свечцы, збялелі.Наступныя пару хвілін ішлі моўчкі. Калі-нікалі трапляліся ў сценах закратаваныя адтуліны пад іржавымі замкамі.– Ключы ў каго?– Ключы ў мяне, – сказаў ксёндз. – І ад замкавых хадоў таксама. У мяне і ў Мультана. Дзеці панадзіліся лазіць. Каб не зваліўся каторы. Добра вам у яго? Хаця, чаму ж? Чалавек добры, станоўчы. Патомны вартаўнік. Ад прапрадзеда, а можа, й раней.…Арганіст у пустым касцёле, калі мы папрамавалі праз прэсбітэрыюм на выхад, зноў граў нешта падобнае на “Бычка”.– Чаго ён так?– А, я ж вам казаў. Ён аднойчы падчас імшы і “Лявоніху” ададраў.– І нічога яму?– Трымаю. Я ж вам казаў: майстра на ўсе рукі. Тут і арганіста знайсці цяжка, а гэты… яшчэ і гадзіннік адрамантаваў. І каляндар амаль што. І сонечны і месячны.Мы паволі ішлі да замка. А мяне ўсё не пакідала думка, чаму ён хацеў забіць мяне? А мо я і сапраўды паслізнуўся? Тады – што азначалі словы Вячоркі? Ведае нешта ці проста п’яная балбатня?– Чуткі хадзілі, вы нешта шукаеце? – спытаў ён. – І трапіла вам у рукі нейкая шыфроўка?“Ясна. Усё тая злашчасная балбатня ў машыне па дарозе ў Езна”.Сяк-так, у самых агульных рысах, я расказаў яму аб нязначным, асабліва напіраючы, што нічога не расшыфраваў, бо мне невядомы прадмет, вакол якога трэба тую стужку намотваць.– Ведаючы матэматыку, гэта не так цяжка, – здзівіў ён мяне, а пасля яшчэ раз здзівіў: – Літарэю спрабавалі? А можа, спалучыць яе з Кеплераўскім прынцыпам?“Чаму ён мне зараз дапамагае, – падумаў я. – Што за чалавек? Адкуль?” А ён, нібы сапраўды ведаючы мае думкі, раптам сказаў:– Вы сабе можаце што хочаце думаць пра тое, што адбывалася тут трыста год таму. Гэта і дурню невядома. А вось што рабілася тут на нашай памяці! Гэта разблытаць! Тады, магчыма, і таямніца нашага правалу выйшла б на свет.– Ну а калі б і раскрылі правакатара. Што тады вы?– Хрыстос казаў, што ворагам трэба дараваць не да сямі разоў, а да сямідажды сямі…– І вы?..– Я, на шчасце, не Хрыстос. І нават не самы лепшы з яго служак.– Гэта як?..– Каб улады побач не было – кішкі матляў бы, – раптам праз зубы працадзіў ксёндз. – За маю апошнюю. Мне можна. Я – крыважэрны. Я – рука Ватыкана.І я зразумеў: гэты сапраўды матляў бы кішкі. Не “рукой Ватыкана”, а сваёй, вось гэтай, здатнай на ўсё. Пры ўспаміне аб сябрах і аб каханні, якое загінула недзе ў сутарэннях СС або СД – хто ведае?Я пайшоў ад яго ў самых растрапаных пачуццях. Нашы рамантыкі мінулага стагоддзя сказалі б, што пагрозныя “цені”, “анёлы начныя” кружлялі над маёй галавой. Чаму кніга? Нашто дзве смерці? Чаму чатырыста забітых у вайну? Каменныя брылы мне на галаву? Ксёндз над студняй? Банды Боўбеля і Куляша? Лапатуха? Бязладная балбатня Вячоркі пра цені і нейкія страшныя яйкі?Цені, анёлы начныя. Кашмарны, бязлітасны свет.Я не ведаў, што ўсё гэта – ружовая дзіцячая казка ў параўнанні з тым, што чакала мяне.Канец першай часткі