Чорны замак Альшанскі, ч. 2

– А я думаў, што ўрэшце з’явілася новая манія, што гэта вы ўваходзіце ў ролю Чомбэ, – сказаў я.– Ну што вы! Не так ужо кепска ідуць мае справы. І не так я нізка паў.– Адкуль гэта ў вас? – спытаў Хілінскі.– А вы б зайшлі неяк да мяне.– Не так ужо кепска ідуць мае справы, – іранічна паўтарыў ягоныя словы Хілінскі.– Здагадваюся, паколькі вы яшчэ тут, а не ў маім дэпартаменце. А вы зайдзіце проста паглядзець, – сказаў псіхіятр.– Цікава, – сказаў я. – Проста хоць у музей.– А ў мяне і ёсць… амаль музей. Яно і пойдзе калісь у музей.Бронза наканечніка была ўкрыта такім тонкім карбаваннем, што я зачараваўся.– Праўда, адкуль такое дзіва?– Я, мой даражэнькі, медыцыну ў Празе штудзіраваў.– То там, што, усе людзі нават на Карлавым мосце з такімі рэчамі ходзяць? – спытаў Адам.– І нават праз увесь горад, аж да самых Высачан. Калі спозняцца на апошні трамвай. Каб бараніцца ў выпадку чаго. Ад начных гіен.Закурыў з намі. Ужо сур’ёзна сказаў:– Чэхі тады стыпендыю давалі… прыгнечаным. Украінцам, лужычанам, нам. Але работу на радзіме знайсці было нельга… Ну і рассеяліся. Дзе я не працаваў! І ў Індыі на эпідэміі халеры, і ў Нігерыі на соннай хваробе, і чорт яшчэ ведае дзе. Даводзілася быць майстрам на ўсе рукі. І што зробіш? Чалавек, калі памірае, ведае толькі слова “лекар”, і пляваць яму на такія паняцці, як “фтызіёлаг” ці “псіхіятр”. Урэшце, пры многіх хваробах цікавейшыя адхіленні ў псіхіцы. І мы дужа кепска ведаем іх, вельмі мала займаліся імі.– І колькі ж год вы нюхалі тую экзотыку? – спытаў я.– Хапіла. Год дзесяць. Вярнуўся ў трыццаць восьмым годзе.Згасіў цыгарэту.– Вось вы і зайдзіце неяк. Не ў якасці пацыентаў, а паглядзець. Пацыентамі лепей не трэба.– Самыя слушныя словы, якія я калі-небудзь чуў, – сказаў Хілінскі.Мы зарагаталі. Доктар палез далей, трымаючы дзіду наперавес.– Апошні аплот белых каланізатараў і гіен імперыялізму паў на сыходзе гэтага дня, – буркнуў Хілінскі. – Маладая Афрыка расправіла крылы насустрач цяжкай, але аптымістычнай вясне.– Вы іх там толькі не… – сказаў я. – Не “ньям-ньям” ці як гэта?– Два дні як перастаў ньям-ньям, – адказаў зверху Лыганоўскі. – А будзеце здзекавацца з прагрэсіўных з’яў, Косміч, я спушчу гэты шчыт вам на галаву.Мы пасмяяліся і разышліся па кватэрах.Настрой мой ва ўсе наступныя дні быў абрыдлівы. Я ўладжваў свае справы, але нават яны не маглі прымусіць мяне забыцца.Дабіўся дазволу на абследаванне замка ў Альшанах, атрымаў ад інстытута ліст аб тым, хто я такі і што райвыканком просяць спрыяць мне ў абследаванні касцёлаў, цэркваў і старых будынін.Пакаваў пакрысе рэчы. І ўсё не мог і не мог забыць таго апошняга вечара.Трэба было яшчэ адвезці сабак да бацькі і купіць тое, чаго цяжка дастаць на вёсцы. І я загадзя дамовіўся наконт расчыннай кавы з прадаўшчыцай, маёй “блатмайстрыняй”, і дамовіўся з Пахольчыкам наконт дзесяці блокаў “БТ” і каменьчыкаў для запальнічкі, і купіў, па Зоінай парадзе, блакнотаў і шкарпэтак і сёе-тое для “аптэчкі”.І ўсё ўжо было гатова, нават бутэлечка вечнага чарніла ў поліэтыленавым мяшэчку і кніга 1908 года выдання “Альшаны” (Княства, староства і павет Альшанскі, у іхнім гістарычным быцці). І я купіў яшчэ пятнаццаць “шэсцьдзесят пятак” і тры каляровых “ДС” і дастаў у знаёмага фатографа дзесяць шырокіх “орвакалёраў”, а ў знаёмага прадаўца дзесяць “орвакалёраў” вузкіх. І дастаў добрага чаю і адрамантаваў свой “Харків”. І навастыў свой ножык, і купіў пластыра, каб заклейваць футляры для касет, і… Словам, працы мне хапіла, і я пастараўся зрабіць запасы, каб не псаваць камерцыі сталічным прадаўцам.