Чорны замак Альшанскі, ч. 2

Але раней трэба было яшчэ раз схадзіць на Мар’янаву кватэру (перадачу рэчаў у музей дазволілі адкласці да майго вяртання з Альшан). Я не хацеў ісці туды без сведкаў, а галоўнае таму, што гэта было б занадта цяжка – ісці туды аднаму. Таму я зайшоў да Хілінскага, і “Абель з Бобкін-стрыт” згадзіўся раздзяліць са мной кампанію. Праўдзівей, з ахвотаю перарваў сваё сённяшняе “dolce far niente” .На вуліцы дзяўчаты часта ўсё яшчэ азіраліся на яго: высокі, але не такі бамбіза, як я, “трохкутны”, плячысты, але амаль зусім без клубоў. І я шкадаваў, што такі цудоўны ўзор роду чалавечага прападае, але й да глыбіні душы шкадаваў яго і разумеў. Урэшце, ён не варты быў шкадавання. Хутчэй здзіўлення і павагі.Сэрца маё зноў балюча сціснулася перад дзвярыма, калі я падумаў, што не пачую я сабачага брэху, не адчыніць мне дзверы мой друг. І ў кватэры тхнула нежылым, застаялым паветрам. Я адкрыў фортку, узяў сабе некалькі яго ўлюбёных кніг, невялікую мадэль карабля (ніхто ўжо, акрамя мяне, не ведаў, як ён усё жыццё марыў аб моры, але быў лагер, была да і пасля вайна, было сапсутае сэрца), зняў са сцяны адну гравюру з добрых, але не музейных і падарыў яе Адаму:– Ну вось і ўсё.І тут я заўважыў на століку ля фатэля кнігу. Я ведаў, тут заўсёды ляжалі апошнія кнігі, якія ён чытаў, і я захацеў паглядзець, што гэта было, апошняе.Гэта была “Кніга джунгляў”. Я вырашыў узяць і яе, і тут з кнігі выпаў маленькі лісцік паперы. Ляжаў, відаць, як закладка, а агляд памяшканная, вядома ж, быў павярхоўны.Я падаў запіску Хілінскаму.– Гэта што?– Нічога. Мой почырк. І папера мая.– І што ж атрымоўваецца?– Атрымоўваецца, што забіў я.Усё ўва мне нібы скамянела. Адам уважліва агледзеў мяне.– Вось што, хлопча, давай ты мне гэтую пісульку, а я адвязу яе Шчуку… Досыць таго, што ты на ёй адбіткі пальцаў зрабіў.Ён узяў паперку чыстым аркушам паперы.– І кніжку тваю заўтра давай Шчуку. Сапраўды, нешта тут не тое. А з тваёй палоскі зрабі копію.– Зрабіў.– А палосу схавай. Ну вось. Вазьмі яшчэ й гравюру і каці дахаты. Я – туды. Едзь. А то на табе бог твару паменшаў.…На сходах чамусьці не гарэла святло. Я быў ужо на два маршы ніжэй сваёй хаты, калі пачуў нейкі дзіўны гук. Нешта мяне насцеражыла, і я застыў. Рыпенне паўтарылася. Я быў ужо на адзін марш ніжэй сваёй пляцоўкі, калі зноў пачуў ціхі рэзкі скробат і заўважыў у цемры невыразны сілуэт, цьмяны чалавечы цень. Нехта ўзломваў замок маёй хаты. І тады я на дыбачках стаў падымацца. Скрыгат. Яшчэ скрыгат. Я быў ужо амаль на месцы, калі той, відаць, нешта адчуў. Раздаўся ляскат, нібы нехта выдзіраў ключ, а пасля цень мітуснуўся паўз мяне, штурхануў плечуком – кнігі ўпалі – і кінуўся ўніз па сходах. Некалькі імгненняў я стаяў ашаломлены, а пасля рвануў за ім, што, уважаючы на цемру, было нялёгка.Яшчэ зверху я ўбачыў, што дзверы на вуліцу зачынены, і пусціўся да выхаду на двор. На двары сядзелі на лавачцы дворнік Кухарчык і малодшы лейтэнант Росцік Грыбок, які вымахаў на здаравенную грыбіну, і пакурвалі, нягледзячы на прахалоду.– Ніхто не прабягаў?– Ніхто, Антоне Глебавіч, – адказаў Грыбок.– Таварыш Косміч, – завёў быў дворнік. – А вось што вы думаеце…Я махнуў рукой і пусціўся да дзвярэй у сутарэнне. Яны былі прыадчынены, таму што агеньчык запальнічкі закалыхаўся. Але яны заўсёды былі прыадчынены: ніхто ў нас там нічога не хаваў. І на іх варушылася леташняе яшчэ павуцінне. А на парозе быў пыл. “Цьху! Не мог жа ён улятучыцца?”